Каля 330 га нізкабанітэтных (малапрадуктыўных) садоў раскарчавалі ў Гомельскай вобласці ў 2021 годзе, паведаміў 21-га лютага на апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Ляўкавец.
«Тэрмін эксплуатацыі пладовых насаджэнняў — ад 12 да15 гадоў. Па заканчэнні тэрміну сады спісваюцца і раскарчоўваюцца», — нагадаў Сяргей Ляўкавец. Паводле яго інфармацыі, пры інвентарызацыі пладова-ягадных насаджэнняў у рэгіёне выявілі сады з нізкім банітэтам — усяго 2402 га. Распрацаваны графік па раскарчоўцы на 2021-2025 гады.
Так, у мінулым годзе раскарчавалі 329,2 га нізкабанітэтных садоў — за бюджэтныя і ўласныя сродкі гаспадарак. У гэтым годзе плануюць раскарчаваць больш 473 га садоў з вельмі нізкім банітэтам.
Сяргей Ляўкавец адзначыў, што ў цяперашні час у Гомельскай вобласці пастаяннымі культурамі занята 5,9 тыс. га, або 0,49% ад усіх сельскагаспадарчых зямель. Усяго ў рэгіёне, па дадзеных статыстыкі, 4268 га пладаносных садоў. У сельскагаспадарчых арганізацыях-3872 га, астатнія — у фермерскіх гаспадарках.
Ствараюць у вобласці і новыя сады. Напрыклад, па праграме развіцця аграрнага бізнесу за апошнія тры гады ў Гомельскай вобласці пасадзілі 54 га садоў — у тым ліку 32 га ў Ціхінічах Рагачоўскага раёна.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко даручыў дасканала прапрацаваць стратэгію развіцця садоўніцтва ў рэгіёне, дэталёва вывучыўшы сітуацыю ў кожным раёне.
Звязда, 21 лютага 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/36/63570
Текущая дата: 16.11.2024