Генеральная пракуратура звярнула ўвагу грамадзян на шырокае распаўсюджванне апошнім часам новага віду кібермахлярства, звязанага з крадзяжом крэдытных грашовых сродкаў, паведамляе ўпраўленне ўзаемадзеяння са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасці нагляднага ведамства.
Урон ад такіх злачынстваў у 2021 годзе перасягнуў Br2,5 млн.
Па ўзбуджаных крымінальных справах устаноўлена звыш 500 фактаў выдачы крэдытаў і спроб іх атрымання. Больш як 50 крымінальных справах — афармленне не менш як двух крэдытаў на адну асобу.
У прыватнасці, па адной з такіх крымінальных спраў пацярпелая аформіла 6 крэдытаў у розных банках у памеры больш як Br49 тыс.
Асноўны спосаб падобных крадзяжоў — вішынг (каля 95%): зламыснікі з выкарыстаннем папулярных месэнджараў (як правіла, Viber) тэлефанавалі грамадзянам і прадстаўляліся супрацоўнікамі банкаў, праваахоўных ці іншых дзяржаўных органаў. Яны прасілі раскрыць ім канфідэнцыйныя звесткі, якія нібыта з’яўляюцца ўмовай для захавання грошай на іх банкаўскіх рахунках або аказання дапамогі ў раскрыцці злачынства.
Пацярпелыя паведамлялі пашпартныя дадзеныя, 16-значны нумар сваёй банкаўскай карты, яе тэрмін дзеяння, трохзнакавы ахоўны код (CVV, CVC са зваротнага боку карты) або звесткі, неабходныя для ўваходу ў інтэрнэт-банкінг.
У некаторых выпадках грамадзянам прапаноўвалі ўсталяваць адмысловую праграму (дадатак) на смартфон — пасля праз яе забяспечваўся доступ да інтэрнэт-банкінгу.
Гэтага аказалася дастаткова, каб выкрасці грошы ці аформіць на ўладальніка карты крэдыт.
Зафіксаваны факты, калі зламыснікам былі вядомы пашпартныя (персанальныя) даныя ахвяр: дата нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар, ПІБ. Гэта дазваляла ім адыграць ролю прадстаўніка банка ці міліцыі.
Як растлумачылі ў Генпракуратуры, гэтыя звесткі маглі быць атрыманы, напрыклад, падчас узлому электроннай пошты, спецыялізаваных электронных баз або выказывання такой інфармацыі самім пацярпелым па неабачлівасці. У выніку дадзеныя трапляюць у інтэрнет, дзе становяцца прадметам незаконнага гандлю для выкарыстання ў супрацьпраўных мэтах.
Як правіла, пацярпелымі прызнаваліся жанчыны ва ўзросце старэйшыя за 40 гадоў, занятыя на працоўных спецыяльнасцях або ў сферах культуры, медыцыны, адукацыі.
Часта грамадзяне, паддаўшыся ўгаворам, самі афармлялі крэдыт у банку і атрыманыя грошы пераводзілі на рахункі «супрацоўнікаў» кампетэнтных устаноў і органаў.
У такіх сітуацыях пацярпелыя заставаліся не толькі без грошай — на іх клаўся цяжар выплаты банку атрыманых крэдытаў і працэнтаў па іх.
Каля трэці разгляданых злачынстваў учынена ад імя пацярпелага і без яго ведама.
Гэта значыць, завалодаўшы дадзенымі пацярпелых, зламыснікі паспяхова прайшлі аўтэнтыфікацыю ў сістэме дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання і атрымалі крэдыты ад іх імя.
У Генпракуратуры нагадалі аб недапушчальнасці выказвання сваіх асабістых дадзеных невядомым асобам, нават калі яны прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка, іншых органаў. Для праверкі інфармацыі рэкамендуецца патэлефанаваць па кантактным нумары названай вам арганізацыі.
Беларускія банкі і іншыя органы не практыкуюць званкі з месэнджэраў, асабліва з замежных нумароў, падкрэслілі ў наглядным ведамстве.
Генеральная пракуратура арыентуе грамадзян на тое, што ў сітуацыі, калі афармленне крэдыту і наступнае завалоданне грашовымі сродкамі паходзіць ад імя пацярпелага і без яго ведама, чалавек, які пацярпеў ад супрацьпраўных дзеянняў, можа звярнуцца па абарону сваіх правоў у тэрытарыяльную пракуратуру. У кожным канкрэтным выпадку пракурор разгледзіць пытанне аб узбуджэнні ў судзе грамадзянскай справы аб прызнанні такіх крэдытных дагавораў несапраўднымі або незаключанымі.
Аднак калі пацярпелы сам перадаў свае персанальныя дадзеныя староннім асобам, а таксама асабіста атрымаў крэдыт і перадаў грашовыя сродкі або маёмасць, дагавор не можа быць прызнаны несапраўдным або незаключаным.
Звязда, 24 сакавіка 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/36/64221
Текущая дата: 26.12.2024