Белорусский портал в Казахстане

Магілёўцы выкрадалі чужыя аўтамабілі, на якіх пасля каталіся па горадзе



У аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС Магілёва пачалі паступаць паведамленні аб знікненнях транспартных сродкаў ці іх частак.

Аператыўнікі высветлілі, што да здарэння датычныя раней неаднаразова судзімы за крадзяжы, рабаванні і махлярствы 21-гадовы магіляўчанін і яго раней не судзімы 20-гадовы прыяцель.

Так, у адным з выпадкаў яны адціснулі шкло вадзіцельскіх дзвярэй транспартнага сродку каб пакатацца, аднак акумулятара ў машыне не аказалася, і сябры знялі яго з іншага аўто. Бензіна хапіла ім на кароткую паездку па горадзе, пасля чаго маладыя людзі кінулі чужую машыну каля аднаго з дамоў па вуліцы Бакуніна. Аўтамабіль удалося вярнуць уладальніку.

Праз кароткі час яны прагульваліся міма іншага прыпаркаванага каля дома аўтамабіля і таксама вырашылі пракаціцца, зліваючы паліва з іншых аўто па шляху руху, а затым зноў кінулі транспартны сродак, паведамляе група інфармацыі і грамадскіх сувязяў Ленінскага РАУС г. Магілёва.

У дачыненні да магілёўцаў заведзена крымінальная справа, следчымі дадзена прававая ацэнка.

Сяргей Расолька
Звязда, 1 лістапада 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/40/61234
Текущая дата: 03.10.2024