Што адбываецца з цэнамі на прадукты харчавання і лекі, высвятлялі прафсаюзы на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, якое адбылося днямі ў Мінску.
Як паведамілі ў прэс-службе ФПБ, кошты шэрагу тавараў павысіліся. Напрыклад, у верасні бягучага года ў адносінах да жніўня каўбасныя вырабы і грачаная крупа падаражэлі больш чым на 4 %, куры — на 10%, свініна — практычна на 7%.
— А ў гадавым вымярэнні (калі параўноўваць верасень бягучага года да верасня 2020-га) сярод лідараў па росце — традыцыйныя для беларусаў гародніна. Капуста стала даражэй у два разы, бульба — больш чым на 70%, буракі — на 67%. Меншыя паказчыкі росту нават у тых прадуктаў, якія краіна ў большасці сваёй імпартуе, — адзначылі ў Нацыянальным прафцэнтры.
Разам з тым ёсць і пазітыўныя прыклады. Як было адзначана на пасяджэнні Нацыянальнага савета, дзякуючы сістэмнай дзейнасці ўдалося стабілізаваць сітуацыю з цэнамі на лекі.
У ФПБ нагадалі аб сітуацыі, калі ў пачатку года быў сурёзны рост цэн на многія найбольш запатрабаваныя лекі. Прычым, далёка не заўсёды гэта павышэнне тлумачылася ростам закупачных коштаў або іншымі аб’ектыўнымі прычынамі.
— Усімі зацікаўленымі ведамствамі праводзіцца сістэмная работа, накіраваная на даступнасць запатрабаваных лекаў, — падкрэслілі ў ФПБ. — І, як паказвае прафсаюзны маніторынг, кошты па 50 найменняў найбольш запатрабаваных лекаў дастаткова стабільныя.
Акрамя таго, звяртаюць увагу ў Нацыянальным прафцэнтры, аптэкамі шырока ўжываецца зніжкавая сістэма пры набыцці лекаў і амаль няма дэфіцыту:
— У абсалютнай большасці на прылаўках прысутнічаюць лекі, якія карыстаюцца найбольшым попытам. У выпадках адсутнасці тых ці іншых запатрабаваных лекаў або значнага павышэння іх кошту прафсаюзы інфармуюць прадстаўнікоў дзяржорганаў для аператыўнага вырашэння пытання, — рэзюмавалі ў прэс-службе ФПБ.
Аўтар: Вольга Аляксандрава
Звязда, 21 лістапада 2021
Звязда, 21 лістапада 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/41/66504
Текущая дата: 16.11.2024