«Белтэлекам» выводзіць з эксплуатацыі электронныя пластыкавыя карткі для таксафонаў. Такая інфармацыя размешчана на сайце прадпрыемства.
«Інфармуем аб спыненні выкарыстання электронных пластыкавых картак для паслуг таксафоннай сувязі з 1 студзеня 2022 года. Дзеючымі карткамі можна скарыстацца да канца 2021 года. У далейшым паслугі таксафоннай сувязі будуць даступны з дапамогай картак перадаплаты — віртуальнай сэрвіснай тэлефоннай карткі і сэрвіснай тэлефоннай карткі або паслугі «Картачны рахунак», — гаворыцца ў паведамленні.
У «Белтэлекаме» расказалі, што віртуальная сэрвісная тэлефонная картка і сэрвісная тэлефонная картка даюць магчымасць званіць па горадзе, міжгорадзе, за мяжу або ў сеткі сотавай сувязі з таксафона, мабільнага тэлефона і з любога стацыянарнага тэлефона, у тым ліку пры закрытай «8». Набыць віртуальную сэрвісную тэлефонную картку можна на сайце «Белтэлекама», а сэрвісную тэлефонную картку — у сэрвісных цэнтрах «Белтэлекама» і аддзяленнях «Белпошты».
Для карыстання паслугай «Картачны рахунак» неабходна заключыць дагавор у сэрвісным цэнтры «Белтэлекама».
«Пры карыстанні названымі паслугамі ўстаўляць карткі ў карткапрыёмнік таксафона не трэба. Рабіць мясцовыя, міжгароднія, міжнародныя званкі, а таксама званкі на сеткі сотавай сувязі ў даведачна-інфармацыйныя службы „Белтэлекама“ можна з выкарыстаннем атрыманага PIN-кода ў аўтаматычным рэжыме з падказкамі аўтаінфарматара», — адзначылі на прадпрыемстве.
У «Белтэлекаме» дадалі, што сёння таксафонамі можна скарыстацца на Мінскім паштамце, на вакзалах, ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, у ваенных часцях і іншых сацыяльна значных месцах. На прадпрыемстве звярнулі ўвагу: у выпадку неабходнасці з таксафонаў можна бясплатна выклікаць экстранныя службы 101, 102, 103, 104, 112.
Звязда, 5 лістапада 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/42/61292
Текущая дата: 16.11.2024