Белорусский портал в Казахстане

Пара з Барысава затрыманая за распаўсюд наркотыкаў



Супрацоўнікі аддзела па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Барысаўскага РУУС затрымалі пару барысаўчан, якія займаліся распаўсюджваннем асабліва небяспечных наркатычных рэчываў, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама.

«Спачатку ў поле зроку праваахоўнікаў трапіў 22-гадовы жыхар райцэнтра. Паводле атрыманай інфармацыі, малады чалавек мог быць датычны да працы на інтэрнэт-краму па гандлю наркотыкамі. Неўзабаве высветлілася, што працаваў малады чалавек не адзін, а разам са сваёй 18-гадовай дзяўчынай. Пара наладзіла збыт псіхатропных рэчываў у Барысаве і Жодзіне шляхам схованак-закладак: ён — хаваў забароненыя рэчывы, яна — кантралявала абстаноўку вакол», — распавялі ва УУС.

Па месцы жыхарства канфіскавана каля 8 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва мефедрон. Пры ператрусе аператыўнікі выявілі прадметы, якія выкарыстоўваліся для фасоўкі: электронныя шалі, ізастужку і фасовачныя пакеты.

Як высветлілі аператыўнікі, каб павялічыць колькасць наркотыку, маладыя людзі перад фасоўкай дадавалі ў наркотык лекавыя прэпараты ад боляў у страўніку. Таксама ў ходзе аператыўных мерапрыемстваў супрацоўнікамі наркакантролю на тэрыторыі Барысава выяўленае 13 скруткаў мефедрона агульнай вагой больш за 26 г. Закладкі маладыя людзі паспелі зрабіць да моманту іх затрымання.

За незаконныя дзеянні з псіхатропнымі рэчывамі ў дачыненні да затрыманых распачата крымінальная справа па ч.3 арт.328 Крымінальнага кодэкса, санкцыя якой прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Звязда, 5 ліпеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/43/60145
Текущая дата: 03.10.2024