Белорусский портал в Казахстане

Магілёвец папрасіў патрымаць электронную цыгарэту, а пасля ўцёк разам з ёй



У аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС з заявай звярнулася 34-гадовая прадавец аднаго з гандлёвых прадпрыемстваў горада, якая расказала, што стала ахвярай рабавання: невядомы малады чалавек адкрыта выкраў яе электронную цыгарэту коштам больш за 100 рублёў.

Міліцыянеры высветлілі, што электронную прыладу забраў 14-гадовы навучэнец адной з агульнаадукацыйных школ горада, мясцовы жыхар, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкама. Хлопец разам з прыяцелямі бавіў час каля аднаго з гандлёвых цэнтраў горада, адкуль і выйшла заяўніца, каб пакурыць у перапынку. Малады чалавек падышоў да жыхаркі абласнога цэнтра і стаў распытваць пра перавагі электроннай цыгарэты перад звычайнай. Зацікаўленасць падкупіла даверлівую магіляўчанку, і яна не ўбачыла нічога заганнага ў тым, каб даць хлопцу патрымаць прыладу ў руках. Аднак далей падзеі развіваліся зусім не так, як думала мясцовая жыхарка: хлопец схапіў электронную цыгарэту і ўцёк.

Зараз выкрадзенае канфіскавана і вернута ўладальніцы. У дачыненні да вінаватага распачата крымінальная справа.

Сяргей Расолька
Звязда, 29 верасня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/43/60778
Текущая дата: 16.11.2024