Заўтра Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама арганізуе міні-кірмаш вакансій, які пройдзе з 10.00 да 12.00 на вул.Берасцянскай, 20.
У кірмашы вакансій прымуць удзел прадстаўнікі ААТ «Будмаш», РУП «ПТГК „Кастрычніцкі“, УП „ЗЭБТ Гарызонт“.
Наймальнікі правядуць падбор суіскальнікаў па наступных прафесіях: токар-расточнік, фрэзероўшчык, свідравальшчык, токар, штампоўшчык, шліфоўшчык, сталяр, цясляр, тэрміст, слесар-зборшчык радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў, рэгуліроўшчык радыёэлектроннай апаратуры, інжынер-тэхнолаг, інжынер-канструктар, кантралёр малярных работ, электрагазазваршчык, стругальшчык, слесар-рамонтнік, слесар-інструментальшчык, прыбіральшчык памяшканняў (вытворчых, службовых), мыйшчык посуду, грузчык, кладаўшчык, афіцыянт, повар, кухонны рабочы, адміністратар. Будзе прапанавана больш за 100 працоўных месцаў.
Удзельнікі кірмашу змогуць азнаёміцца з інфармацыяй аб вакансіях, прапанаваных наймальнікамі, умовамі працы, атрымаць кансультацыі спецыялістаў дзяржаўнай службы занятасці і прадстаўнікоў кадравых службаў арганізацый, прайсці папярэднюю гутарку па пытаннях працаўладкавання. Суіскальнікам неабходна мець пры сабе дакумент, які сведчыць асобу, працоўную кніжку (пры яе наяўнасці), дакумент аб атрыманай адукацыі.
Таксама больш за 600 прапаноў аб працаўладкаванні чакае 11 лістапада наведвальнікаў электроннага кірмашу вакансій, у тым ліку моладзь. Мерапрыемства пройдзе з 10.00 да 12.00 на сайце http://e-vacancy.by.
Суіскальнікі змогуць даведацца аб вакантных месцах на сталічных прадпрыемствах: ДП „ЖЭУ № 6 Першамайскага раёна Мінска“, ААТ „Керамін“, ААТ „МАЗ“ — кіруючая кампанія холдынгу „БЕЛАВТАМАЗ“, ААТ „МЗКЦ“, ААТ „МТЗ“, РУП „Белмедпрэпараты“ », РУП «Белсаюздрук», УП «Зелянбуд Ленінскага раёна Мінска» і інш.
Ва ўдзельнікаў кірмашу будзе магчымасць задаць пытанні, якія цікавяць, накіраваць рэзюмэ, атрымаць электронную кансультацыю і нават запрашэнне на сумоўе ў рэжыме рэальнага часу.
Пасля заканчэння мерапрыемства вакансіі будуць захаваны ў агульнарэспубліканскім банку вакансій на партале дзяржаўнай службы занятасці http://gsz.gov.by/.
Наталля Талвінская
Звязда, 8 лістапада 2021
Звязда, 8 лістапада 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/43/61373
Текущая дата: 27.12.2024