Белорусский портал в Казахстане

Махляр развёў выпівак і бамжоў на 178,5 тыс. рублёў



На разгляд у суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да 35-гадовага мінчука, які абвінавачваецца ў махлярстве, здзейсненым у асабліва буйным памеры, распавялі ў пракуратуры Кастрычніцкага раёна.

Мужчына на працягу двух гадоў вышукваў на чыгуначным вакзале і ў буйных гандлёвых цэнтрах грамадзян, якія злоўжываюць спіртным або якія не маюць пастаяннага месца жыхарства, прапаноўваючы ім без асаблівых высілкаў палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. Для гэтага ім патрабавалася аформіць на сябе ў растэрміноўку тавары ў сетцы аднаго з мабільных аператараў-тэлефоны, аксэсуары, сім-карты. Зразумела, махляр клятвенна абяцаў у наступным спраўна ўносіць плацяжы, але так і не рабіў гэтага. Характэрна, што гаджэты ў той сеткі раздавалі амаль усім жадаючым, не правяраючы ні крэдытныя гісторыі кліентаў, ні іх плацежаздольнасць.

У якасці ўзнагароджання зламыснік выдаваў даверлівым грамадзянам па 50, 70, а часам і па 100 рублёў. Аднаму мужчыну нават аплаціў паездку ў таксі да Воршы, а другому за аказаную паслугу купіў усяго некалькі піражкоў. Узятыя імі ў растэрміноўку тавары перапрадаваў, а атрыманыя грошы траціў па сваім меркаванні.

Звязда, 26 чэрвеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/44/59960
Текущая дата: 03.10.2024