Белорусский портал в Казахстане

Электраспажыванне ў Беларусі ў студзені-верасні вырасла амаль на 2 млрд кВт/гадз



Аб гэтым сказаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на сустрэчы з працоўным калектывам Гродзенскай ЦЭЦ-2, паведамілі ў прэс-службе Мінэнерга.

Аб`ём электраспажывання ў Беларусі за дзевяць месяцаў 2021 года павялічыўся на 1,95 млрд кВт/гадз у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў 29,5 млрд кВт/гадз. 

Пры гэтым спажыванне электраэнергіі рэальным сектарам эканомікі за гэты перыяд вырасла на 1,12 млрд кВт/гадз, насельніцтвам – на 200 млн кВтгадз, энергасістэмай – на 630 млн кВт/гадз.

Як паведаміў Віктар Каранкевіч, у мінулым годзе аб`ём электраспажывання ў краіне склаў 38 млрд кВт/гадз. У гэтым годзе прагназуецца, што ён перавысіць 40 млрд кВтгадз, а да канца 2025 года вырасце да 44 млрд кВт/гадз.

"На працягу 2021 года назіраецца ўстойлівая дынаміка росту электраспажывання", - сказаў Віктар Каранкевіч. Паводле яго слоў, гэтаму садзейнічалі комплексныя меры, прынятыя на ўзроўні кіраўніка дзяржавы і ўрада. У прыватнасці, рэалізуецца міжгаліновы комплекс мер па павелічэнні спажывання электраэнергіі да 2025 года, у рамках якога ствараюцца новыя і мадэрнізуюцца дзеючыя вытворчасці. Растуць аб`ёмы электрыфікацыі жыллёвага фонду.

Гэта работа арганізавана па трох асноўных напрамках - электрыфікацыя шматкватэрнага жылога фонду, перавод шматкватэрных дамоў з выкарыстання цвёрдага паліва на электраэнергію, а таксама электрыфікацыя індывідуальнага жылфонду для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння.

Колькасць зваротаў у энергазабеспячальныя арганізацыі аб выдачы тэхнічных умоў на далучэнне электраўстановак аднакватэрных жылых дамоў да электрычных сетак у краіне па-ранейшаму павялічваецца. Гэтаму садзейнічаюць стымулюючыя тарыфы для насельніцтва, зацверджаныя на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, а таксама магчымасць кампенсавання часткі расходаў на электразабеспячэнне.

За студзень - верасень 2021 года ў энергазабеспячальныя арганізацыі паступіла 20,4 тыс. такіх зваротаў, з іх 16,7 тыс., або 82 працэнты, былі задаволены. Усяго з 2019 года па мінулы перыяд 2021 года паступіла 49 тыс. зваротаў, з іх задаволена 39,2 тыс. Звароты, якія не былі задаволены, уключаны ў перспектыўныя планы рэканструкцыі электрасетак, зацверджаныя энергазабеспячальнымі арганізацыямі па ўзгадненні з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.

"Выкарыстанне электраэнергіі для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння стварае дадатковыя камфортныя ўмовы пражывання для нашых грамадзян, у першую чаргу ў сельскіх населеных пунктах", - падкрэсліў міністр. Усяго ў краіне больш за 23 тыс. сельскіх населеных пунктаў, з іх газіфікаваны каля 3,5 тыс. У той жа час доступ да электраэнергіі ёсць ва ўсіх населеных пунктах. "Там, дзе ёсць тэхнічныя ўмовы, трэба даваць людзям магчымасць выкарыстоўваць электраэнергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння", - сказаў ён.

Для пашырэння гэтых магчымасцей прадоўжыцца мадэрнізацыя электрасеткавай інфраструктуры. Стаіць задача павялічыць аб`ём будаўніцтва і мадэрнізацыі ліній электраперадачы з 1,6 тыс. км да 2,7 тыс. км у год.

26 кастрычніка 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/44/61123
Текущая дата: 28.12.2024