Праўленнем Нацыянальнага банка прынята пастанова ад 28 мая 2021 года нумар 141, якой зацверджана інструкцыя аб парадку валютна-абменных аперацый, паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.
Дакумент прыняты ў мэтах рэалізацыі палажэнняў новай рэдакцыі закона "Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі". Пастанова ўступае ў сілу з 9 ліпеня 2021 года і будзе садзейнічаць спрашчэнню валютных аперацый і пашырэнню магчымасцей фізічных і юрыдычных асоб па іх правядзенні.
Інструкцыяй вызначаны парадак валютна-абменных аперацый для фізічных і юрыдычных асоб на ўнутраным валютным рынку. "Акрамя іншага ім прадастаўляецца магчымасць праводзіць такія аперацыі на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы без удзелу банка. Валютна-абменныя аперацыі на таргах біржы будуць праводзіцца з улікам патрабаванняў iншых актаў заканадаўства, а таксама лакальных прававых актаў біржы, якія цяпер знаходзяцца на стадыі распрацоўкі. Аб механізме правядзення біржай такіх аперацый без удзелу банкаў будзе паведамлена дадаткова", - расказалі ў Нацбанку.
Акрамя таго, рэгламентаваны парадак работы абменных пунктаў, кас, а таксама ўстанаўлення банкамі абменных курсаў пры валютна-абменных аперацыях з фізічнымі асобамі. Пры гэтым дакументам замацавана магчымасць праводзіць у абменных пунктах, касах банкаў таксама і іншыя банкаўскія аперацыі.
Для абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг і прадухілення магчымых спрэчных сітуацый у інструкцыі вызначана, што перадача фізасобай касіру наяўных грошай разглядаецца як згода з умовамі валютна-абменнай аперацыі, адлюстраванымі на стэндзе або спецыяльным электронным табло. "Пры гэтым валютна-абменная аперацыя з наяўнымі грашыма, якія перададзены фізасобай касіру да змянення інфармацыі на стэндзе або спецыяльным электронным табло, праводзіцца па абменным курсе, які дзейнічае да атрымання інфармацыі аб яго змяненні", - звярнулі ўвагу ў Нацбанку.
Дзеянне інструкцыі не распаўсюджваецца на парадак правядзення валютна-абменных аперацый пры выкарыстанні банкаўскіх плацежных картак, у тым ліку ў тэрміналах аўтаматычнага абмену валюты, а таксама парадак устанаўлення і прымянення абменных курсаў пры выкарыстанні картак. Акрамя таго, інструкцыя не закранае парадак правядзення такіх аперацый пры грашовых пераводах і пры спагнанні грашовых сродкаў у бясспрэчным парадку.
4 чэрвеня 2021, Мінск
БЕЛТА
4 чэрвеня 2021, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/46/59605
Текущая дата: 16.11.2024