Белорусский портал в Казахстане

КДК: за выплату зарплаты ў канверце ўводзіцца крымінальная адказнасць



Камітэт дзяржаўнага кантролю пракаментаваў адну з навацый, якая ўводзіцца ў Крымінальны кодэкс Беларусі і датычыцца выплат заработнай платы ў канвертах.

Законам "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці" акрамя іншага ўводзіцца крымінальная адказнасць за ўхіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў, збораў (артыкул 2431 КК) і ўхіленне ад выплаты страхавых узносаў (артыкул 2433 КК). Змяненні ўступаюць у сілу 19 чэрвеня 2021 года.

"Узмацненне адказнасці наймальнікаў за выплату зарплаты ў канверце ініцыявана Камітэтам дзяржкантролю і абумоўлена недастатковасцю існуючых мер адміністрацыйнага ўздзеяння ў барацьбе з гэтай негатыўнай з`явай. Выплачваючы зарплату без адлюстравання ва ўліку, наймальнік прычыняе ўрон не толькі дзяржаве, але і работнікам (пачынаючы ад адсутнасці ў іх гарантый атрымання агаворанага заработку і заканчваючы несправядлівым памерам будучай пенсіі, пазбаўленнем іншых сацыяльных выплат)", - адзначылі ў КДК.

У кантрольным ведамстве звярнулі ўвагу, што крымінальная адказнасць прадугледжана выключна за наўмысныя дзеянні, звязаныя з нявыплатай страхавых узносаў і непералічэннем падаткаў, збораў. І толькі пры ўмове, што сума нявыплачаных плацяжоў перасягае вялікі памер: для падаткаў, збораў - 1 тыс. базавых велічынь, для страхавых узносаў - 2,5 тыс. базавых велічынь (цяпер Br29 тыс. і Br72,5 тыс. адпаведна).

Акрамя таго, для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад выплаты страхавых узносаў абавязкова павінен быць даказаны факт іх наўмыснага неналічэння. Службовыя асобы арганізацый, якія не ўтойваюць заработную плату, налічваюць страхавыя ўзносы, але не пералічваюць іх у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (напрыклад, у сувязі ў адсутнасцю грашовых сродкаў на разліковым рахунку), будуць несці адміністрацыйную адказнасць.

8 чэрвеня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/46/59675
Текущая дата: 16.11.2024