Нядаўна на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў зацвердзілі рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» на 2021—2025 гады.
На гэтыя мэты запланавана накіраваць каля 27,7 мільёна рублёў. Фінансаванне амаль цалкам будзе ажыццяўляцца з дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
Статыстыка сведчыць: за пяцігодку ў раёне не дапушчана росту ўзроўню беспрацоўя: у пачатку 2016 года гэты паказчык быў 1,1 %, у канцы 2020-га — 0,3 %. На сёння на кожнага беспрацоўнага прыходзіцца больш чым пяць вакансій! На новыя рабочыя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў за пяцігодку ўладкавана больш за трыццаць з паловай тысяч чалавек.
Некалькі фірмаў Віцебшчыны, каб прыцягнуць да сябе моладзь, запрашаюць на практыку, дапамагаюць атрымаць неабходную для вытворчасці спецыяльнасць, плацяць стыпендыі, вырашаюць бытавыя праблемы. Толькі прыходзь і працуй! У прыватнасці, такі падыход на віцебскай фірме па вырабе ўнікальных пад`ёмнікаў.
А на Мёрскім металапракатным заводзе будуюць цэлы гарадок з багатай сацыяльна-бытавой і забаўляльнай інфраструктурай для якасці пражывання на еўрапейскім узроўні.
Трактарысту мясакамбіната прапануюць 1200 рублёў і больш...
Нечакана «зачапіла» прапанова ад цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна: маюць патрэбу ў майстры народных промыслаў (аплата ад 450 рублёў у месяц). Навальшчык-звальшчык лесу ў Расонах можа зарабляць ад 500 рублёў, экскаватаршчык у Оршы (на прадпрыемстве ЖКГ) — ад 800, шэфу-кухару Браслаўскага дома-інтэрната прапануюць мінімум 650 рублёў, у Сянно падсобнаму рабочаму УП ЖКГ — ад 400 рублёў...
«Мала!» — скажуць вечна незадаволеныя песімісты. Але ёсць і іншыя прапановы. Калі набраў у пошуку суму заробку 2000 рублёў, адразу «выскачыла» аж 13 вакансій. Што дзіўна, не толькі ахвотным стаць кіраўнікамі прапаноўваецца такая зарплата.
Напрыклад, інжынеру па прамысловым і грамадзянскім будаўніцтве гатовыя плаціць у Полацку ажно... дыхайце глыбей — ад 3240 рублёў.
А гаспадарка ў Докшыцкім раёне за дастойныя грошы чакае адразу некалькіх работнікаў. У прыватнасці, аператару па штучным асемяненні жывёлы і птушкі заплацяць каля 2000 рублёў, аграному — 2500, а яго патэнцыйнаму начальніку — ад 3000...
Галоўны спецыяліст па жывёлагадоўлі ў прыгарадзе Віцебска будзе зарабляць ад 2000.
Работы хопіць на кожнага, толькі працуй! І ўжо ад тваіх навыкаў і інтэлекту залежыць, колькі ты зможаш зарабляць.
Аўтар: Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 19 лютага 2021
Звязда, 19 лютага 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/48/58454
Текущая дата: 16.11.2024