Выхадзец з Перасудавічаў пачаў з адкрыцця сельскай крамы і замахнуўся на невялікі турыстычны цэнтр.
Перасудавічы — вёска асаблівая. Хаты зусім не налеплены адна каля адной, як нярэдка бывае. Тут людзі сяліліся з размахам. Кожная сядзіба стаіць наводдаль адна ад другой. Таму і ў сярэдзіне вёскі не пакідае адчуванне прасторы. Разам з цішынёй, спакоем і стракатымі астрамі ў дварах яна стварае карціну нейкай восеньскай урачыстасці. Асабліва тут, у цэнтры, дзе ўзведзена новая крама з навакольнай інфраструктурай і сучасным добраўпарадкаваннем.
Гэтая крама адкрылася год таму, а з 2013 года сельскі магазін быў на замку, вяскоўцаў абслугоўвала аўтакрама. У саміх Перасудавічах жыве каля ста чалавек, а яшчэ насельнікі чатырох навакольных вёсак, якія не маюць стацыянарных гандлёвых пунктаў — Галавіцкія, Высокае, Мастыкі, Пузі, — перыядычна скардзіліся на нязручнасці такога гандлю. Але ж ніхто асабліва не верыў, што сітуацыя можа істотна змяніцца...
Дзмітрый Жуковіч нарадзіўся ў гэтай вёсцы. І хоць у школу ён хадзіў ужо ў Бярозе — сям`я перабралася ў горад, менавіта вёску лічыць сваёй радзімай. Кожныя выхадныя стараецца заехаць сюды, пабыць, падыхаць свежым паветрам. «Які б ні быў напружаны рытм цягам тыдня, за дзень тут адпачываю душой і з новымі сіламі прыступаю да работы», — гаворыць былы вясковец.
Дзмітрый працуе дырэктарам прыватнага прадпрыемства «БярозаУАЗаўтасэрвіс». Бізнес цяпер вельмі актуальны і запатрабаваны — рамонт і абслугоўванне машын. Рабочыя месцы маюць 20 чалавек. Ёсць свая вытворчая база, стабільны паток кліентаў. Але ж кожны бізнес жыццяздольны толькі калі ён не стаіць на месцы, а развіваецца. Пашыраць дзеючую вытворчасць у райцэнтры, можа, і няма вялікай патрэбы. Дзмітрый Жуковіч не раз задумваўся, чым займацца далей, пракручваў у галаве розныя варыянты. Ды «тую самую» ідэю з яго слоў падказалі вясковыя бабулькі, якія аднойчы каля сцен старога магазіна, што і не відаць з-за хмызняку і кустоўя, сталі ўспамінаць, як жа было добра, калі ён працаваў. Рашэнне прыйшло адразу.
Праўда, многія напачатку адгаворвалі — маўляў, хто будзе хадзіць у гэтую краму, прагарыш, не акупяцца затраты. Але ж працэс, як той казаў, пайшоў. Спачатку на аўкцыёне быў выкуплены будынак былога гандлёвага аб`екта, потым праведзена яго рэканструкцыя. А яна ў дадзеным выпадку азначае амаль поўнае абнаўленне. Засталіся хіба толькі сцены. Сёння магазін уяўляе сабой сучасны стыльны будынак з новымі вокнамі, дзвярамі, унутранымі камунікацыямі і абсталяваннем.
Праўда, многія напачатку адгаворвалі — маўляў, хто будзе хадзіць у гэтую краму, прагарыш, не акупяцца затраты. Але ж працэс, як той казаў, пайшоў. Спачатку на аўкцыёне быў выкуплены будынак былога гандлёвага аб`екта, потым праведзена яго рэканструкцыя. А яна ў дадзеным выпадку азначае амаль поўнае абнаўленне. Засталіся хіба толькі сцены. Сёння магазін уяўляе сабой сучасны стыльны будынак з новымі вокнамі, дзвярамі, унутранымі камунікацыямі і абсталяваннем.
Асартымент і выручка
Гандлёвая зала не вельмі вялікая, але запоўнена шчыльна і рацыянальна. Мне часта даводзіцца бываць у вёсках, блізкіх да горада і аддаленых, але такой асартыментнай разнастайнасці, шчыра кажучы, бачыць не выпадала. Напрыклад, толькі алею на паліцы налічыла сем відаў. Прадстаўлена тры вытворцы малочнай прадукцыі, тры мясакамбінаты, а днямі іх будзе яшчэ больш, сказалі ў магазіне. Прамысловая група ўяўляе сабой разнастайныя тавары першай неабходнасці, ёсць гаспадарчыя дробязі, тавары для адпачынку.
Што радуе гаспадынь — у халадзільных камерах шмат розных паўфабрыкатаў. А што асабліва каштоўна для ўсіх вяскоўцаў — гандлёвыя надбаўкі мінімальныя. У продажы ёсць рыба ад двух вытворцаў.
Прадавец Кацярына Пракапюк расстаўляе на паліцах толькі што прывезеныя прадукты. «Бачыце, смятана, тварог ад учарашняга дня, — звярнула яна маю ўвагу на дату, пазначаную на ўпакоўцы. — У нас кожны дзень завоз, прадаём усё свежае. Хлеб прывозяць таксама штодня. А ў час завозу мясной прадукцыі пакупнікі загадзя прыходзяць, тут шмат людзей стаіць».
Вось і адказ на пытанне, хто будзе хадзіць у краму і даваць выручку. Людзі хутка ацанілі якасны гандлёвы сэрвіс, і ў магазін пайшлі-паехалі не толькі жыхары навакольных вёсак, але і гараджане з Белаазёрска, да якога адсюль 12 кіламетраў. Ды і жыхары Бярозы, калі едуць па трасе, часта збочваюць, каб зрабіць пакупкі.
— Мы ўсё робім для нашага пакупніка, — працягвае Кацярына Пракапюк. — Летам у вёсцы многа дзяцей, ды і людзей наогул становіцца больш, тады пашыраем групу кандытарскіх вырабаў. Ёсць машына для свежага квасу на разліў, ён карыстаецца асаблівым попытам у спёку. Завозім агародніну і садавіну. Цяпер гэтай групы тавараў менш, бо ўсе сабралі ўраджай у агародах. А пад зіму завязём бананы, апельсіны, ківі.
Магазін працуе без выхадных і перапынкаў на абед. Пакупнікі патроху ідуць нават у будны дзень. На машыне пад`ехала групка жанчын, аказваецца, яны з Белаазёрска, былі ў лесе, збіралі грыбы, па дарозе вырашылі заехаць зрабіць пакупкі. А мясцовыя жыхары Тамара і Уладзімір Мікіцічы жывуць насупраць — яны нарадавацца не могуць новай гандлёвай кропцы:
— Ну што вы, якое параўнанне?! — эмацыянальна выказваецца Тамара Дзмітрыеўна. — Што такое аўтакрама: стой, чакай, асабліва ў непагадзь пад дажджом ці снегам. А прыедуць — то аднаго няма, то другое скончылася, і такое бывала. Мы з мужам у асноўным у горад за прадуктамі ездзілі. А цяпер мы з новага года ў гарадскіх магазінах не былі. Шкада толькі, што толькі зараз гэты магазін адкрылі. Нам жа цяпер і сустрэцца, пагаварыць ёсць дзе.
На шляху да турыстычнага цэнтра
Вясковы магазін — цяпер адзіны ў вёсцы сацыяльны аб`ект. Летам насельніцтва Перасудавічаў павялічваецца ледзь не ўдвая, тады прыходзяць сем`і з дзецьмі. Таму было вырашана ўладкаваць побач дзіцячую пляцоўку. Спачатку былі пастаўлены вялікія драўляныя арэлі. Але дрэва стала цямнець ад уздзеяння ападкаў, таму хутка прывязуць дах. Побач з`явяцца іншыя забаўкі для дзяцей. Два батуты, дарэчы, ужо ёсць.
А для дарослых побач з магазінам устаноўлены дзве вялікія альтанкі накшталт верандаў. Унутры стаяць сталы з лаўкамі. Мэбля драўляная, стылізаваная пад даўніну. Столь упрыгожваюць каваныя жырандолі — вырабы мясцовых кавалёў. Збоку размешчаны мангал з дрывотняй. У кожнай з альтанак свабодна размесцяцца два дзясяткі чалавек, якія захочуць паабедаць ці павячэраць. За карыстанне, у тым ліку мангалам, кампаніі давядзецца заплаціць усяго 30 рублёў.
— Летам паслуга была запатрабаваная, — расказвае Дзмітрый Жуковіч — многія едуць у Спораўскі заказнік пафатаграфаваць нашу знакамітую вяртлявую чаротаўку, спыняюцца перакусіць. Некаторыя нават замаўлялі абед — мы прывозілі з Бярозы, з рэстарана.
Аднойчы нехта з адпачывальнікаў сказаў, што з дарогі было б добра прыняць душ, адпачыць. Логіка развіцця інфраструктуры падказвае, што трэба будаваць турыстычныя дамкі. Таму мы пайшлі далей, атрымалі зямельны ўчастак для ўзвядзення чатырох домікаў для турыстаў. Ля альтанак для адпачынку таксама вядзецца далейшая работа, дрывотня прыводзіцца ў цывілізаваны выгляд, абсталёўваюцца чатыры санвузлы. А турыстычныя домікі будуць вось тут, — паказвае гаспадар — каля сасновага бору. Калі ўсё будзе добра, у далейшых планах — узвядзенне невялікага рэстаранчыка для забеспячэння харчавання турыстаў. Усе патрэбныя дазволы атрыманы, узгадненні па зямельным пытанні праведзены, зараз ідзе праектаванне аб`ектаў.
Маю ўвагу прыцягвае даволі вялікая цагляная пабудова, што стаіць побач з магазінам. Дзмітрый Уладзіміравіч тлумачыць: гэта будынак былой пачатковай школы. Яна закрылася шмат дзесяцігоддзяў таму, пазней на яе месцы былі клуб і бібліятэка, потым — Дом сацыяльных паслуг. Зараз будынак фактычна не выкарыстоўваецца.
У таварыства з дадатковай адказнасцю «БярозаУАЗаўтасэрвіс» ёсць свае планы на тое, як надаць аб`екту новае жыццё. Вядома, у тым выпадку, калі атрымаецца яго набыць па прымальнай цане. У былой школе, аказваецца, захаваўся невялікі этнаграфічны музей, які збіралі некалькі пакаленняў настаўнікаў, вучняў, работнікаў культуры. Яго можна развіваць.
— Палепшыць, пашырыць музей, зрабіць з яго турыстычную «разыначку», — загараюцца вочы ў Дзмітрыя Жуковіча. — Ведаеце, якія ў нас тут найцікавейшыя мясціны? Вёска называецца Перасудавічы, а там, за рэчкай ёсць Судзілавічы. Дык вось, існуе легенда, што некалі, у часы сівой даўніны, у Судзілавічах асуджалі людзей, высылалі, а тут вярталі іх добрае імя, пэўным чынам рэабілітавалі. Значыць, там быў суд, а тут перасуд, і брала верх праўда, справядлівасць. Вось такія нашы Перасудавічы. А пра асаблівую энергетыку гэтых мясцін я ўжо казаў. Таму перакананы, што тыя турысты, якія прыедуць да нас адпачыць, захочуць сюды вяртацца зноў і зноў — каб падыхаць чыстым паветрам, набрацца сіл, зарадзіцца спакоем і аптымізмам. Я думаю, што недалёкі той час, калі з гарадоў людзі пачнуць вяртацца ў сельскую мясцовасць.
Старшыня Стрыгінскага сельскага Савета Іван Крагельлічыць, што Перасудавічам вельмі пашанцавала з земляком:
— Не ўяўляю, калі могуць акупіцца ўкладзеныя ім сродкі, але ж відавочна, што Дзмітрый Жуковіч думае на перспектыву. Вёска папрыгажэла, на вачах стала напаўняцца жыццём. Гараджане купілі чатыры пустуючыя хаты, а больш нашы вяскоўцы, наколькі ведаю, не маюць намеру прадаваць. Гавораць, што будуць падтрымліваць бацькоўскія сядзібы, каб мець магчымасць прыязджаць і адпачываць у іх. Цяпер у нас добрая дарога, нядаўна пракладзены асфальт. Паабапал ракі Ясельды расцягнуліся знакамітыя балоты, якія ўваходзяць у Спораўскі заказнік — нашы найлепшыя славутасці.
Аўтар: Святлана Яскевiч
Бярозаўскі раён
Звязда, 11 верасня 2020
Звязда, 11 верасня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/54/55993
Текущая дата: 16.11.2024