Белорусский портал в Казахстане

У Бярозе злодзея знайшлі па сэлфі, якое ён зрабіў выпадкова



У Бярозаўскі РАУС паступіла паведамленне ад прадстаўнікоў мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі з заявай аб крадзяжы маёмасці прадпрыемства, гаворыцца на сайце МУС Беларусі.

У горадзе каля поўдня з тэрыторыі мясцовай звалкі былі выкрадзеныя 3 фотапасткі. Як распавялі аператыўнікі, выявіць асобу злодзея было лёгка — яго сэлфі было ў арыенціроўках праваахоўнікаў адразу ж пасля крадзяжу.

Мясцовы жыхар 1990 года нараджэння прыйшоў на палігон, запрыкмеціў абсталяванне, зняў яго са слупоў і аднёс дадому. Як растлумачыў затрыманы, дома націснуў на кнопку, раптам нешта шчоўкнула і ўбачыў свае фота на экране. Паспрабаваў іх выдаліць, але было позна — фатаграфіі былі адпраўленыя на электронную пошту ЖКГ. 

Эксперты ацанілі шкоду амаль у 1600 рублёў, а следчыя далі прававую ацэнку дзеянням мужчыны, узбудзіўшы крымінальную справу за крадзеж.

Звязда, 28 ліпеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/57/54886
Текущая дата: 02.10.2024