З ходам будаўніцтва новай МТФ і работай ААТ «Маяк Высокае» азнаёміўся ў час рабочага візіту прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
Будаўніцтва новай МТФ непадалёк ад вёскі Высокае пачалося яшчэ ў мінулым годзе.
Як расказаў галоўны інжынер ААТ «Аршанскі будаўнічы трэст нумар 18» Дзмітрый Церашкоў, тут прадугледжваецца будаўніцтва двух кароўнікаў, даільна-малочнага блока, сянажных траншэй і лагун для выдалення арганікі, арганізацыя пад’язных шляхоў, дапаможных памяшканняў. Аб’ёмы працы — вялікія. Усяго плошча аб’екта складае 11 га, плошча забудовы — 45 тыс. кв.м, — распавёў ён. — Новая МТФ будзе складацца з двух кароўнікаў на 388 галоў, даільна-малочнага блока, будынкі для сухастойных кароў з радзільным аддзяленнем і прафілакторыем для цялят.
Цяпер будаўнічыя работы ідуць актыўна: штодзень тут працуюць больш за 120 чалавек і больш за 30 адзінак тэхнікі. Усе работы плануецца завяршыць да снежня бягучага года.
Як адзначыў дырэктар ААТ «Маяк Высокае» Павел Фаміноў, сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Аршанскім раёне спецыялізуецца на вырошчванні буйной рагатай жывёлы на прамысловай аснове, вытворчасці малака, збожжавых і зернебабовых культур і алейнага семя рапсу. Агульная плошча сельскагаспадарчага прадпрыемства — 10,6 тыс. га, з якіх больш за 8,7 тыс. га — сельскагаспадарчыя ўгоддзі, у тым ліку крыху больш за 6, 1 тыс. га — ворыва.
У апошнія тры гады тут адзначаецца станоўчая дынаміка па вырошчванні БРЖ, вытворчасці малака, растуць прыбаўленні ў вазе і ўдоі. А гэта значыць, што расце і выручка, а разам з ёй — заработная плата. Пашырэнне плошчаў і ўкараненне сучасных тэхналогій, упэўнены дырэктар, для сельскагаспадарчага прадпрыемства — неабходнасць, без якой не магчымы далейшы рост. Так, у 2021-2022 гадах тут рэалізавалі праекты гаспадарчым спосабам па будаўніцтве падстрэшкаў для сезоннага ўтрымання буйной рагатай жывёлы на малочнатаварных фермах у вёсцы Бабіна і ў вёсцы Абухава.
Новая МТФ стане яшчэ адным імпульсам для далейшага развіцця прадпрыемства АПК Аршанскага раёна. Камфортныя ўмовы для пагалоўя, паляпшэнне ўмовы працы для супрацоўнікаў — зручна, абяцаюць спецыялісты, на новай малочнатаварнай ферме будзе ўсім.
Кошт праекта склаў Br29 млн. Аднак, як расказаў дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства, тут актыўна працуюць над зніжэннем затрат на будаўніцтва. Раман Галоўчанка падкрэсліў, што кошт аб’екта — высокі.
Акрамя таго, прэм’ер-міністр цікавіўся пытаннямі гатоўнасці прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Аршанскага раёна і Віцебскай вобласці да палявых работ. Ён указаў на тое, што ў пытаннях гатоўнасці тэхнікі ёсць недапрацоўкі, якія трэба ўстараніць. Таксама неабходна звярнуць увагу на работу асобных сельскагаспадарчых арганізацый — тут не павінна быць недаглядаў.
Звязда, 31 траўня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/6/74776
Текущая дата: 23.12.2024