Белорусский портал в Казахстане

Гамяльчанка перавяла амаль 12 тысяч еўра для атрымання выйгрышу з гандлёвай біржы



Падрабязнасці гэтай гісторыі паведамляе УУС аблвыканкама.

Высветлілася, што яшчэ чатыры гады таму пажылая жанчына пачала гуляць на анлайн-біржы, для чаго тады перавяла каля 300 еўра. Але прыбытку не атрымала і паступова ад фінансавых гульняў адышла. Але нядаўна ёй паступіў званок з незнаёмага нумара тэлефона, дзе прыемны голас паведаміў навіну: біржавая фірма змяніла назву, але ўвесь гэты час ўдзельнічала ў таргах на міжнародных рынках. У выніку ў 65-гадовай жанчыны за гэты перыяд назапасіліся заробленыя грошы ў суме 12815 еўра. Для іх вываду неабходна было набыць за 270 еўра інвестыцыйны партфель.

Бабуля ідзе ў фінансавую ўстанову і пераводзіць названую суму па рэквізітах замежнага банка. Але гэта быў толькі пачатак... Для поўнага вываду грошай неўзабаве запатрабавалі камісійны працэнт у 580 еўра. Пасля пералічэння гэтых грошай спатрэбіўся ўжо страхавы ўзнос у 800 еўра. Пасля правядзення плацяжоў літаральна на наступны дзень бабулі прыходзіць СМС-паведамленне, што яе дывідэнды ўжо складаюць 32655 еўра. Чарговы званок усё патлумачыў. Маўляў, учора прайшлі добрыя таргі на рынку, якія і павялічылі суму. Толькі цяпер для атрымання даходу трэба заплаціць яшчэ 16,5 працэнта падаходнага падатку, а гэта — амаль 5,4 тысячы еўра. З кожнага такога плацяжу, дарэчы, яна ж плаціла фінансавай установе камісію за пераводы замежнай валюты.

Засмучаная жанчына ўжо узмалілася, маўляў, дзе ж я вазьму такія грошы? На тым канцы провада пацікавіліся, ці ёсць кватэра... Сярод парадаў услед прадаць кватэру таксама прагучала: у крайнім выпадку можна ўзяць крэдыт пад яе заклад або часова заняць грошай у знаёмых.

І жанчына гэтым скарысталася. У банку выдалі толькі 4900 рублёў, знаёмыя пазычылі 3100 долараў і 80 тысяч расійскіх рублёў. У тры этапы патрабаваную суму гамяльчанка перавяла. Але нават пасля гэтага з яе зноў запатрабавалі даплаціць страхоўку. Сума ж павялічылася. Чарговыя два плацяжы сышлі на рэквізіты невядомых.

Пры правядзенні, як абяцалі, апошняга з пераводу жанчыне сказалі нават не сыходзіць з банка. Бо пры атрыманні яго тут жа пералічаць усе належныя дывідэнды. Але і тут паўстала непрадбачаная праблема: сістэма не прапускае плацёж, паколькі ў яе маленькі інвестыцыйны партфель, які трэба павялічыць. Засмучаная жанчына вярнулася дадому.

Вось тады сын выпадкова і ўбачыў незвычайную плацёжку ў еўра, прачытаў перапіску і неадкладна павёз маці пісаць заяву ў міліцыю...

Сяргей Расолька
Звязда, 11 чэрвеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/60/54077
Текущая дата: 02.10.2024