Белорусский портал в Казахстане

Чэрвеньскія жыроўкі некаторым мінчанам прыйдуць без аплаты за халодную ваду



Ад аплаты за халодную ваду вызваляюцца некаторыя мінчане. Адпаведнае рашэнне Мінскага гарвыканкама прынята 2 ліпеня, паведамляе Telegram-канал "Мінск. Афіцыйна".

"Дакумент вызваляе мінчан, у якіх на мінулым тыдні ўзніклі праблемы з якасцю вады, ад аплаты паслуг водазабеспячэння і водаадвядзення за чэрвень", - сказана ў паведамленні.

"Мінскводаканал" на працягу трох рабочых дзён падрыхтуе і перадасць у разлікова-даведачныя цэнтры спісы адрасоў, па якіх не будзе налічвацца аплата. У іх увойдуць жылыя дамы Фрунзенскага, Маскоўскага і частка дамоў з Ленінскага, Цэнтральнага і Кастрычніцкага раёнаў сталіцы, спажыўцы якіх не маглі выкарыстоўваць пітную ваду ў сувязі са збоямі сістэмы цэнтральнага водазабеспячэння.

"Мінскводаканал" на сваім сайце дадаткова паведамляе, што ў гэты пералік уключаны шматкватэрныя жылыя дамы, інтэрнаты і дамы прыватнага сектара, размешчаныя ў вышэйназваных раёнах Мінска. Інфармацыя аб дамах Ленінскага, Цэнтральнага і Кастрычніцкага раёнаў, што адносяцца да сумеснай зоны ўплыву водаправодных сетак паверхневых крыніц водазабеспячэння, будзе размешчана на сайце прадпрыемства крыху пазней.

"Парадак разліку за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення (каналізацыі), аказаныя ў чэрвені 2020 года, будзе адлюстраваны ў квітанцыях за ЖКП, якія спажыўцы атрымаюць у ліпені. У іх будуць пазначаны аб`ёмы паслуг халоднага водазабеспячэння і водаадвядзення згодна з паказаннямі прыбораў уліку расходу вады, перададзенымі насельніцтвам, а таксама вызначаныя ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў нумар 571 ад 12 чэрвеня 2014 года. Пры гэтым у графе "Сума пераразліку" налічэнні па названых паслугах будуць абнулены. У графе "Падагульняючая сума" па паслугах за халоднае водазабеспячэнне і водаадвядзенне будзе Br0,00 ", - удакладнілі ў "Мінскводаканале".

За тлумачэннямі па пытаннях пераразліку, а таксама за інфармацыяй аб дамах спажыўцоў, якія пацярпелі ў сувязі са збоямі ў сістэме цэнтральнага водазабеспячэння, можна звяртацца па тэлефонах: (+37517) 389-40-10, (+37517) 389-42-98, (+37517) 389-41-41.

Сёння, 2 ліпеня, Цэнтр па разліках са спажыўцамі "Вадазбыт" працуе з 8.00 да 19.00, 4 ліпеня - з 8.00 да 17.00. На наступным тыдні будзе працаваць у звычайным рэжыме.

2 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/60/54379
Текущая дата: 16.11.2024