Белорусский портал в Казахстане

У Ганцавічах сацыяльная работніца скрала грошы і закапала іх у хляве ў зямлю



У міліцыю Ганцавіч звярнулася пенсіянерка з заявай аб знікненні буйной сумы наяўнасці. Сродкі належалі яе мужу, які напярэдадні абнаявіў банкаўскі рахунак.

Па інфармацыі МУС, у аграгарадку мужчына жыў каля двух гадоў, даглядаў за састарэлай маці. Пасля яе смерці вырашыў вярнуцца на радзіму, перад гэтым зняўшы ўсе свае зберажэнні — амаль 11 тысяч рублёў. Патэлефанаваў сваякам, распавёў, дзе будуць захоўвацца грошы, і... памёр.

Калі тыя прыехалі ў дом і не знайшлі наяўнасці, то выклікалі міліцыю. Аператыўнікі разгледзелі розныя версіі і ўстанавілі кола асоб, якія маюць дачыненне да крадзяжу.

Міліцыянеры выйшлі на расіянку, якая працуе сацыяльнай работніцай. У жанчыны быў ключ, і яна ведала пра буйную суму — сваякі напярэдадні прыезду прасілі яе пашукаць грошы. Пазней жанчына прызналася, што падчас прыбірання нібыта выпадкова венікам вымела поліэтыленавы пакет са зберажэннямі з-пад тумбачкі.

Скрадзеныя рублі аператыўнікі выявілі ў яе ў двары: скрутак у слоіку жанчына закапала ў хляве.

Заведзена крымінальная справа за крадзеж у буйным памеры.

Сяргей Расолька
Звязда, 8 чэрвеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/61/53987
Текущая дата: 02.10.2024