Белорусский портал в Казахстане

Ліпавы брокер выманіў у жыхаркі Гродна амаль 50 тысяч долараў



Па дапамогу ў міліцыю Кастрычніцкага РАУС абласнога цэнтра звярнулася жыхарка, якая пазбавілася амаль 127 тысяч рублёў. Менавіта столькі ў яе выманіў брокер адной з анлайн-платформаў біржавых таргоў. Падрабязнасці прыводзіць МУС.

Гісторыя пачалася два месяцы таму: аб’яву аб дзяржаўнай праграме па павышэнні дабрабыту беларусаў жанчына ўбачыла ў «Інстаграм». Пакінула заяўку, зарэгістравалася, перавяла 100 долараў першапачатковага капіталу і... ужо праз некалькі хвілін ёй патэлефанавала брокер «Аляксандра».

У далейшым кожную раніцу дзяўчына паведамляла новаспечанаму трэйдару аб паспяховых здзелках, прасіла папаўняць рахунак. Усе налічэнні адбіваліся на балансе, што спачатку і адыграла на руку аферыстам — жанчына пераводзіла ім розныя сумы.

Калі грошы скончыліся, яна па парадзе брокера брала крэдыты ў банку, абрасла абавязкамі. Аднак абнаявіць рахунак не атрымалася — прадстаўнікі платформы на любых падставах угаворвалі яе не сыходзіць з біржы. «Аляксандра» нават прасіла яе прадаць кватэру. У выніку кампанія паставіла ультыматум: унесці чарговы плацёж або рахунак будзе ануляваны. Пасля гэтага жанчына напісала заяву ў міліцыю.

Следчыя распачалі крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры.

У Галоўным упраўленні крымінальнага вышуку МУС распавялі, што падобныя ілжеброкеры карыстаюцца даверам наіўных інвестараў і іх жаданнем хутка разбагацець. З пачатку года ў міліцыю паступіла каля 20 заяў аб падобных махінацыях. Ва ўсіх выпадках інвестары заставаліся ні з чым.

Каб не стаць ахвярай махляроў, неабходна сабраць максімум інфармацыі аб дзейнасці брокера. Калі кампанія працуе даўно, звестак пра яе павінна быць шмат. Іх адсутнасць — падстава для турботы.

У выпадку ўзнікнення складанасцяў з вывадам сродкаў, іх блакаваннем, магчымасці ўплываць на кампаніі, зарэгістраваныя за межамі Беларусі, нават калі яны сапраўды існуюць, вельмі абмежаваныя. Стаць удзельнікам глабальнага фінансавага рынку можа кожны беларус. Брокерскія паслугі на тэрыторыі краіны афіцыйна прадастаўляюць юрыдычныя асобы, унесеныя ў рэестр Форекс-кампаній Нацыянальнага банка.

Сяргей Расолька
Звязда, 15 траўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/64/53512
Текущая дата: 17.11.2024