Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з Каранікам і Косінцам ліцэнзаванне медыцынскай дзейнасці



Прэзідэнт Беларусі прыняў 21 мая з дакладам міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка і свайго памочніка Аляксандра Косінца.

Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала праект урадавай пастановы "Аб пераліку працэдур (даследаванняў, маніпуляцый), якія адносяцца да работ і паслуг, што складаюць ліцэнзуемую медыцынскую дзейнасць". З кіраўніком дзяржавы вырашылі ўзгадніць пытанне аб неабходнасці прыняцця гэтага дакумента. Падобны дакумент прымаўся ўжо Саўмінам у сакавіку 2011 года, аднак, на думку міністэрства, ужо ўзнікла неабходнасць абнавіць яго палажэнні.

"Пытанне аб ліцэнзіях, дазволах, забаронах. Яно было некалі вельмі сур`ёзна ўзнята не толькі бізнес-супольнасцю, але і звычайнымі людзьмі, асабліва тымі, хто будзе займацца гэтымі відамі дзейнасці, на якія патрэбна будзе ліцэнзія. З таго часу, калі мы зрабілі шмат крокаў, каб зняць лішнія дазвольныя тэмы і пытанні, даць большую свабоду людзям, грамадству і бізнес-структурам, я кантралюю гэтыя пытанні", - растлумачыў сваю ўвагу да гэтай тэмы Прэзідэнт.

Распрацоўшчыкі праекта пастановы хочуць, з аднаго боку, каб у абноўленым дакуменце былі ўлічаны нормы ўказа нумар 326 "Аб удасканаленні ліцэнзавання", з іншага - вырашыць пытанне са скаргамі і судовымі разборамі з-за якасці медыцынскіх паслуг, якія прадастаўляюцца ў прыватных масажных кабінетах і салонах прыгажосці. Для гэтага, на іх думку, трэба абнавіць ліцэнзійныя патрабаванні, што прад`яўляюцца да СПА-цэнтраў і салонаў прыгажосці. Як расказаў Уладзімір Каранік, пры распрацоўцы праекта пастановы зыходзілі з таго, што трэба развіваць рынак медыцынскіх паслуг пры безумоўным захаванні бяспекі грамадзян.

"У мяне ёсць кола людзей, якім я магу сказаць: паглядзіце, што будзе Міністэрства аховы здароўя ліцэнзаваць, патрэбна нам гэта ці не. Я не ўбачыў непрымання па гэтым праекце пастановы, аснову якой заклалі ў Міністэрстве аховы здароўя, але падумаў, што не лішнім будзе яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання і абмеркаваць з вамі. Можа, мы недзе вельмі спрабуем зарэгуляваць тыя ці іншыя працэсы, - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. - Напрыклад, масаж. Трэба, каб Міністэрства аховы здароўя ліцэнзавала масажы, патрабуючы ад канкрэтных людзей, каб яны ледзь ці не ўрачамі былі, або не трэба? Магчыма, будуць якія-небудзь іншыя пытанні".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пасля сённяшняй размовы ён абмяркуе яшчэ раз гэту тэму з іншымі спецыялістамі. Але, як падкрэсліў Прэзідэнт, патрабаванне адно - лішняй зарэгуляванасці быць не павінна.

"Гэта ні да чаго добрага не прывядзе: мы будзем трымаць лішніх чыноўнікаў і гэта будзе злаваць пэўную частку тых работнікаў, якія хочуць займацца масажамі або нейкімі працэдурамі, якія не параўнаць з хірургічнымі аперацыямі. Ці трэба нам умешвацца ў такія рэчы? Дайшло да таго, што ўжо, як мяне інфармуюць, прыходзяць санстанцыі і замест таго, каб займацца пандэміяй, глядзяць: на падлозе і сцяне плітка, а яе нельга, трэба, каб былі шпалеры. Ужо да такой дзікасці даходзіць, - акрэсліў праблему Аляксандр Лукашэнка. - Я проста хачу вас папярэдзіць, што ведамаснасці тут быць не павінна".

21 мая 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/64/53631
Текущая дата: 17.11.2024