Белорусский портал в Казахстане

Вынікі сезону: лясгасы нарыхтавалі звыш 17 тысяч тон бярозавіку



Лясгасы завяршылі нарыхтоўку бярозавага соку. У гэтым сезоне лесагаспадарчыя ўстановы атрымалі 17 213 тон карыснага напою.

Гэта амаль на 4 тысячы тон больш, чым у 2018 годзе, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Найбольш актыўна нарыхтоўка бярозавіку вялася ў Брэсцкай і Мінскай абласцях: тут было сабрана 5 960 і 4 786 тон адпаведна. Варта адзначыць, што ўвесь нарыхтаваны сок быў рэалізаваны. Усяго на продажы напою лясгасы зарабілі каля 2,5 мільёна рублёў.

Рэалізацыя нарыхтаванага соку вялася як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. Асноўнымі пакупнікамі традыцыйна з’яўляліся перапрацоўчыя заводы. Разам з тым, больш за 3 тысячы тон соку было прададзена насельніцтву і амаль тысяча тон пастаўлена таксама на экспарт.

Адначасова лясгасы падавалі беларусам магчымасць і самастойнай нарыхтоўкі бярозавага соку. Для гэтага спецыялістамі былі адведзены спецыяльныя ўчасткі.

Сяргей Расолька
Звязда, 30 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/86/47854
Текущая дата: 02.10.2024