Белорусский портал в Казахстане

Улады вярнулі ІП магчымасць разлічвацца наяўнай валютай за тавары, якія набываюцца за мяжой



Аб гэтым паведамляецца на сайце рэспубліканскага грамадскага аб`яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва".

Беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі зноў могуць выкарыстоўваць наяўную замежную валюту для набыцця тавару за межамі краіны. 

На адрас "Перспектывы" паступіў афіцыйны дакумент ад Нацыянальнага банка, згодна з якім ІП дазваляецца з 1 сакавіка 2019 года выкарыстанне наяўнай замежнай валюты пры разліках за тавары, якія набываюцца за мяжой. Як вынікае з ліста, новае рашэнне ўтрымліваецца ў сумеснай пастанове Савета міністраў і Нацбанка ад 29 сакавіка № 212/5 "Аб некаторых пытаннях правядзення валютных аперацый".

"З 1 сакавіка 2019 года індывідуальныя прадпрымальнікі — рэзідэнты маюць права выкарыстоўваць наяўную замежную валюту пры правядзенні разлікаў за межамі Рэспублікі Беларусь па здзелках, якія прадугледжваюць імпарт, у суме, якая не перавышае 100 базавых велічынь па кожным дакуменце, які пацвярджае паступленне тавараў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым для названых мэт індывідуальныя прадпрымальнікі — рэзідэнты маюць права купляць наяўную замежную валюту ў парадку, устаноўленым для фізічных асоб", — адзначаецца ў дакуменце.

"Перспектыва" звяртае ўвагу, што прынятыя пастановай змены носяць бестэрміновы характар, што і прапаноўвалася зрабіць.

Праблема паўстала пасля ўваходжання ў сілу 1 сакавіка пастановы Нацбанка № 612 "Аб некаторых пытаннях правядзення валютных аперацый". Гэты дакумент апрача іншага адмяніў магчымасць выкарыстання наяўнай замежнай валюты ў разліках паміж беларускай юрыдычнай асобай або ІП і замежнай юрыдычнай асобай па дагаворах, якія прадугледжваюць экспарт. Пазней у Нацбанку растлумачылі, што беларускія ІП на тэрыторыі іншай дзяржавы могуць разлічвацца за набытыя тавары замежнай валютай з замежнымі фізічнымі асобамі, але з юрыдычнымі асобамі — толькі ў безнаяўным парадку.

14 сакавіка "Перспектыва" звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў і Нацбанк з просьбай вярнуць індывідуальным прадпрымальнікам магчымасць разлічвацца наяўнай замежнай валютай за набытыя за мяжой тавары.

Праблема разглядалася 19 сакавіка на працоўнай нарадзе з удзелам віцэ-прэм`ера Аляксандра Турчына, іншых прадстаўнікоў урада, Нацбанка і дзелавых колаў. Удзельнікі нарады пагадзіліся з тым, што выкананне патрабаванняў пастановы Нацбанка № 612 "не толькі рэзка зніжае эфектыўнасць працы" індывідуальных прадпрымальнікаў, але і "стварае пагрозы іх далейшаму функцыянаванню".

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 30 сакавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/87/47451
Текущая дата: 01.10.2024