Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Велізарная маса насельніцтва пры слове "рэформа" пад плінтус лезе



Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы пайсці на любыя рэформы, якія насельніцтва здольнае вытрымаць. "Не трэба мяне папракаць, што я рэтраград і не хачу ніякіх рэформаў", — сказаў ён пасля выступлення 19 красавіка з пасланнем да народа і Нацыянальнага сходу, адказваючы на пытанне дэпутата Ганны Канапацкай.

"Ёсць велізарная маса насельніцтва, якая пры слове "рэформа" пад плінтус лезе", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Каментуючы прапанову Канапацкай больш актыўна рэфармаваць эканоміку для павышэння яе інвестыцыйнага патэнцыялу, Лукашэнка рэкамендаваў усім патэнцыйным інвестарам ісці ў кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". "Вырабляй там тавар пятага пакалення — і прадавай па ўсім свеце", — дадаў ён.

Лукашэнка запэўніў дэпутата, што калі яна прапануе яму праект рэформаў, ён абавязкова адрэагуе. Аднак кіраўнік дзяржавы супраць таго, каб эканамісты "агулам паўтаралі" заявы аб неабходнасці іх правядзення.

Ён таксама не пагадзіўся з заявай Канапацкай пра тое, што існая сістэма кіравання дзяржсектарам, пры якой дзяржава выступае і як рэгулятар, і як уласнік, стварае канфлікт інтарэсаў. "Міністр прамысловасці — галоўны кіраўнік прамысловых прадпрыемстваў. Гэта непадзельнае", — сказаў Лукашэнка.

На прапанову Канапацкай актывізаваць прыватызацыю прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці, кіраўнік дзяржавы адказаў: "Вось калі будзеш прэзідэнтам, Аня, — аддасі (прадпрыемствы.)".

Лукашэнка чарговым разам заявіў, што, напрыклад, згодны на продаж "Беларуськалія", але па названай ім некалькі гадоў таму цане. "Я не супраць прадаць, галоўнае пытанне ў цане. 30 мільярдаў [долараў] — і ў цябе "Беларуськалій". Пакуль жа, дадаў ён, за "Беларуськалій" патэнцыйныя замежныя інвестары яму прапануюць толькі 5 мільярдаў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 19 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/88/47698
Текущая дата: 17.11.2024