Белорусский портал в Казахстане

Пры атрыманні хабару затрыманыя службовыя асобы прадпрыемства віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты"



У Віцебску пры атрыманні хабару затрыманыя службовыя асобы прадпрыемства, якое ўваходзіць у віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты".

Як паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама, праваахоўныя органы выкрылі і задакументавалі супрацьпраўную схему, створаную кіраўніцтвам адкрытага акцыянернага таварыства, статутны фонд якога больш чым на 95% належыць абласной камунальнай уласнасці.

"Дзеянні службовых асоб прадпрыемства, якое з`яўляецца базавым лагістычным цэнтрам дзяржаўнага аб`яднання "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты", дазвалялі не толькі атрымліваць заработную плату і заахвочвальныя бонусы, што ў разы перавышалі сярэднія ў галіне па рэспубліцы, але і атрымліваць хабар ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый-партнёраў", — гаворыцца ў паведамленні.

Выбудаваная схема заключалася ў прыцягненні да супрацоўніцтва суб`ектаў гаспадарання прыватнай формы ўласнасці для стварэння ланцужка неабгрунтаванага пасрэдніцтва пры закупцы тавараў для перапрацоўчых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці. У далейшым тавары пастаўляліся па завышаным кошце, што істотна адбівалася на сабекошце прадукцыі і канчатковай адпускной цане.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па прыкметах ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару).

Сума хабараў, што ставяцца ў віну, — больш за 150 тысяч беларускіх рублёў.

У дачыненні да службовых асоб абраная мера стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай. На грашовыя сродкі і маёмасць накладзены арышт.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, па гэтай крымінальнай справе затрыманыя тры чалавекі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 31 студзеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/92/46759
Текущая дата: 17.11.2024