Белорусский портал в Казахстане

У Мінску паводле падазрэння ў махлярстве затрыманы грамадзянін Германіі



У сталіцы затрыманы 33-гадовы грамадзянін Германіі, якога падазраюць у махлярстве ў дачыненні да грамадзян Беларусі і суайчыннікаў, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Устаноўлена, што ў Беларусь мужчына прыехаў у лістападзе 2017 года, скарыстаўшыся магчымасцю бязвізавага ўезду. У Мінску ён адкрыў фірму па аказанні паслуг вырабу дамоў і бань з драўлянага брусу. Мужчына браў перадаплату, але абавязацельствы перад замоўцамі не выконваў. У міліцыю звярнуліся 15 пацярпелых — жыхары Мінска і Мінскай вобласці. Папярэдне сума нанесенай шкоды склала больш за 40 тыс. долараў (прыблізна 85 тыс. рублёў).

Акрамя таго, мужчына "ўваходзіў у давер адзінокіх жанчын, у якіх скасаваны шлюб, — жыхарак сталіцы, абяцаў ім сумесную шчаслівую будучыню і прасіў пазычыць грошай на бізнес". Ён знаёміўся ў цырульнях, рэстаранах, гандлёвых цэнтрах.

У прыватнасці яму ўдалося такім чынам завалодаць 6 тыс. долараў, якія належаць мінчанцы, да гэтага часу ён гэтыя грошы не вярнуў. Адну з жанчын мужчына папрасіў аформіць на яе імя тэлевізар у растэрміноўку, які нібыта быў неабходны для офіса фірмы. Як высветлілася пазней, тэлевізар ён падарыў іншай знаёмай.

Затрыманы знаходзіцца ў рэгіянальным вышуку (у міжнародны вышук абвешчаны не быў). На тэрыторыі ФРГ яго падазраюць у здзяйсненні аналагічных злачынстваў.

У дачыненні да мужчыны распачатая справа на падставе арт. 209 КК (махлярства).

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 19 лістапада 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/96/45692
Текущая дата: 01.10.2024