Плануецца, што часовая экспазіцыя «Дарога да Перамогі» будзе працаваць да 5 ліпеня.
8 траўня, напярэдадні святкавання 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, як і абяцаў прадстаўнікам працоўных калектываў Мінскага гарадскога тэхнапарка ў студзені гэтага года, афіцыйна адкрыў унікальны Мінскі міжнародны выставачны цэнтр. Чаму ўнікальны? Таму што гэта сапраўды грандыёзнае двухпавярховае збудаванне, якое не мае аналагаў у Беларусі, агульная плошча якога (закрытая і адкрытая часткі) складае больш за 37 тысяч квадратных метраў.
Сімвалічна, што першай выставай у афіцыйна адкрытым цэнтры стала часовая экспазіцыя «Дарога да Перамогі», прымеркаваная да 80-годдзя Перамогі. Звыш 600 экспанатаў з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны расказваюць пра найважнейшыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У храналагічнай паслядоўнасці наведвальнікі могуць убачыць момант вераломнага нападу нацысцкай Германіі, гераічную абарону Брэсцкай крэпасці, партызанскі побыт, бітву за Маскву, Курскую бітву, вызваленне Беларусі і ацаніць, колькі пакут і гора прынеслі нацысцкія акупанты на беларускую зямлю. А завяршае экспазіцыю штурм Берліна і, вядома ж, знакаміты Парад Перамогі ў Маскве ў чэрвені 1945 года. І ўсё суправаджаецца вялікай колькасцю мультымедыйных аб’ектаў з дапоўненай рэальнасцю, якія дазваляюць акунуцца ў атмасферу тых падзей.
А ўжо 21 траўня ў суседняй зале адкрыецца XІІ Міжнародная выстаўка ўзбраення і ваеннай тэхнікі MІLEX-2025. З некаторымі яе экспанатамі ўжо паспелі азнаёміцца мінчане і госці сталіцы, якія наведвалі з 8 да 11 траўня адкрыты выставачны цэнтр. Цяпер ідзе будаўніцтва стэндаў замежных кампаній, таму зала з ваеннай экспазіцыяй пакуль зачынена.
Сёлетняя выстаўка MІLEX прадставіць шырокі спектр тэхналогій, накіраваных на забеспячэнне бяспекі дзяржавы, абароны і аховы дзяржаўнай граніцы. Плануюцца і вялікая колькасць мерапрыемстваў дзелавой праграмы. Шырока будзе прадстаўлена экспазіцыя беларускай і замежнай беспілотнай тэхнікі паветранага і наземнага прызначэння, стралковага ўзбраення, аптычных прыцэлаў і оптыка-электронных прыбораў назірання, сучасных сістэм аховы перыметра, відэаназірання і распазнавання асоб, ракетнага ўзбраення і супрацьтанкавыя комплексы, найноўшыя гранатамётныя комплексы. Асаблівай увагі заслугоўваюць рабатызаваныя баявыя модулі і сродкі сувязі і кіравання.
На адкрытай пляцоўцы прадстаўлены сучасныя ўзоры беларускай тэхнікі ваеннага і двайнога прызначэння. Тут і лёгкабраніраваная тэхніка, і суперсучасныя радыёлакацыйныя станцыі, комплексы радыёэлектроннай барацьбы і разведкі, магутны няядзерны сродак Узбраенне — РСЗА «Паланэз», мадэрнізаваныя зенітна-ракетныя комплексы і многае іншае, чым можа ганарыцца беларускі ваенна-прамысловы комплекс.
Сяргей Чычылаў
Звязда, 14 траўня 2025
Звязда, 14 траўня 2025
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-408/1/78014
Текущая дата: 15.05.2025