Белорусский портал в Казахстане

Больш як сто тысяч акцый ААТ "Прамень" бязвыплатна перайшлі да дзяржавы



Пастановай Савета міністраў № 228 ад 29 сакавіка 2013 года прадугледжана бязвыплатнае прыняцце ў рэспубліканскую ўласнасць 118 тыс. 935 акцый ААТ "Прамень".

Дакумент, які прыняты ў адпаведнасці з указам прэзідэнта № 294 "Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю", апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Акцыі раней знаходзіліся ва ўласнасці ЗАТ "Сівельга" (38.700 акцый на 4 млрд. 996 млн. 170 тыс. рублёў), мінскага абутковага ААТ "Прамень" — кіруючай кампаніі холдынга "Абутак-Прамень" (10.479 акцый на 1 млрд. 352 млн. 838 тыс. рублёў), сумеснага ЗАТ "Отыка" (69.756 акцый на 9 млрд. 5 млн. 499 тыс. рублёў).

Рэалізацыя пастановы даручана Дзяржкамітэту па маёмасці і канцэрну "Беллегпрам".

Як раней паведамлялася, падчас пазачарговага сходу акцыянераў 28 снежня 2012 года акцыянерамі мінскага холдынга "Абутак-Прамень" было прынята рашэнне перадаць дзяржаве 5,4% акцый.

Прадпрыемства "Прамень" утворана ў 1924 годзе, акцыянавана — у 1994-м. У склад ААТ уваходзяць абутковыя прадпрыемствы "Сівельга", "Отыка", "Чаўляр" і "Рэйліт".

Ганна Афоніна, БелаПАН
Мінск, 3 красавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-408/2/20338
Текущая дата: 27.11.2024