Белорусский портал в Казахстане

"Брэнд года" — у "Савушкіна прадукта"



На юбілейным, дзясятым па ліку, прафесійным конкурсе "Брэнд года 2010" гран-пры конкурсу, а таксама залаты медаль у намінацыі "Малочныя прадукты" атрымаў брэнд "Ласкавае лета" ААТ "Савушкін прадукт". Усяго ў прафесійнай намінацыі, як адзначылі арганізатары конкурсу, за медалі змагаліся звыш 50 беларускіх брэндаў.

— Конкурс перш за ўсё мае педагагічнае значэнне для развіцця беларускага бізнэсу, — лічыць старшыня міжнароднага журы конкурсу Маргарыта Васільева, дырэктар кансалтынгавай кампаніі "Папрыка брэндынг", крэатыўны дырэктар часопіса "Рэкламныя ідэі" (Расія, Санкт-Пецярбург). — Бо частка выступоўцаў, якія абаранялі свае брэнд-пакеты, не вельмі добра разумеюць, што маецца на ўвазе пад брэндзінгам, фарміраваннем маркі і гэтак далей. І тыя парады ад журы, якія яны атрымліваюць падчас абмеркавання, я спадзяюся, дапамагаюць ім станавіцца больш прафесійнымі і дасведчанымі. Наогул, конкурс "Брэнд года" — гэта не конкурс для спажыўцоў, тут не выбіраецца найбольш якасны і смачны прадукт. Гэта конкурс для брэнд-менеджараў і маркетолагаў, якія даносяць да спажыўца інфармацыю пра сваю прадукцыю. Так што медаль "Брэнда года" — гэта медаль брэнд-менеджара. І гэта перш за ўсё гаворыць пра тое, што на гэтым камбінаце ці фабрыцы працуюць прафесійныя людзі.

Маргарыта Васільева ўваходзіць у склад журы конкурсу ўжо некалькі год запар і лічыць, што пэўныя станоўчыя тэндэнцыі ў беларускім брэндзінгу ёсць, а таксама што кожны год члены журы адзначаюць які-небудзь цікавы брэнд-пакет, пададзены на конкурс. Маргарыта Васільева перакананая, што беларускія брэнды маюць добрую перспектыву для поспеху на расійскім рынку:

— Без сумненняў, перспектывы ў Расіі ў беларускіх брэндаў ёсць. Прынамсі, я дакладна ведаю, што і ў Піцеры, і ў Наўгародскай вобласці беларускія тавары ведаюць, а магазіны, якія імі гандлююць, карыстаюцца папулярнасцю. Вядома, хацелася б яшчэ больш яркага прасоўвання вашых тавараў і брэндаў, але і так беларускім брэндам поспех гарантаваны. Вось, напрыклад, мне мае калегі заказалі прывезці ад вас беларускіх цукерак, знаёмыя бабулькі заказалі абутак "Марка"... У плане прасоўвання ў вас пакуль усё робіцца тугавата, але гэтым трэба займацца, трэба прасоўваць, дзейнічаць больш смела — ну а аўдыторыя гатовая купляць і любіць, — адзначыла Маргарыта Васільева.

Усяго ў прафесійнай намінацыі сёлета было ўручана 27 медалёў. "Золата", акрамя вышэйзгаданай кампаніі "Савушкін прадукт", атрымалі "Еўраопт"(гандлёвыя сеткі і цэнтры), ТАА "Мэйпл-сэрвіс" (тавары і паслугі b2b), Еurоvіsіоn іn Bеlаrus (культура і мастацтва), "Ехоtіс" (адкрыццё года), "Бабулін гладыш" (брэнд "Спадчына") і Дзяніс Кур`ян (брэнд-персона). "Срэбра" дасталася брэндам "Галерэя смаку" (мясная прадукцыя), "Непаседа" (дзіцячае харчаванне), "Твая сталіца" (нерухомасць і страхаванне), "Белаграпрамбанк" (банкі), "Luх" (тавары і паслугі для будаўніцтва і рамонту), "Unіstаr" (СМІ) і "Першая будаўнічая імперыя" (адкрыццё года). Бронзавымі медалямі былі адзначаныя цэлых 12 брэндаў — "Здравушка" (малочная прадукцыя), "Іngmаn" (малочная прадукцыя), "Беллакт" (малочная прадукцыя), "Kuсhаrеk" (прыправы), "Гаспадар" (мука), "Сваяк" (алкагольныя напоі), "Пакадан" (нерухомасць і страхаванне), "Белавежская пушча" (спорт, адпачынак, турызм), "Купалінка" (адзенне, абутак, аксесуары), "Бархім" (бытавая хімія), "Нёман" (прамысловыя спажывецкія тавары) і "Мая Славіта" (адкрыццё года).

Акрамя асноўнай часткі конкурсу, 24 суб`екты гаспадарання (банкі, фірмы, заводы, грамадскія аб`яднанні) былі адзначаны ў намінацыі "Сацыяльна адказны брэнд" у катэгорыях "Актыўная сацыяльная пазіцыя", "Лепшы працадаўца", "Ахова навакольнага асяроддзя", "Этычныя рыначныя паводзіны", "Прыватна-дзяржаўнае партнёрства". Таксама былі выбраныя 62 лідары ў спажывецкай намінацыі.

Павел Бераснеў
Звязда
1 лютага 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-408/3/4148
Текущая дата: 27.11.2024