Белорусский портал в Казахстане

Што такое восень? Гэта мода! І новыя кантракты



Учора ў сталіцы Беларусі ў двух павільёнах Нацыянальнага выставачнага цэнтра "БелЭкспа" (праспект Пераможцаў, 14 і вуліца Я. Купалы, 27) распачалася буйнейшая галіновая выстава Беларусі "БелТэкслегпрам".

Пра яе маштаб гаворыць хоць бы той факт, што летась у ёй бралі ўдзел 230 фірмаў з васьмі краін, той восеньскі форум наведалі каля 10 тысяч аптовых пакупнікоў і спецыялістаў. У сёлетняй 27-й міжнароднай выставе-кірмашы, якая будзе доўжыцца па 8 кастрычніка, павінна прыняць удзел не меншая колькасць кампаній з Беларусі, Расіі, Бельгіі, Літвы, Латвіі, Украіны, Эстоніі, Турцыі і Паўднёвай Карэі.

Тэматыка форума: адзенне, тканіны і нятканыя матэрыялы, трыкатаж (бялізнавы, верхні, панчошна-шкарпэтачныя вырабы), ніжняя бялізна, гарсэтныя вырабы, футра, скура і вырабы з іх, аксесуары, галаўныя ўборы, хусткі, шалікі, абутак і іншыя тавары. Словам, усё тое, што ўжо прапанавалі спажыўцам вытворцы і гандаль або зробяць гэта ў бліжэйшы час — калі пачнецца новы сезон. Вывучаць навінкі журналісты "Звязды" выправіліся ў павільён на праспекце Пераможцаў, дзе сваю прадукцыю выставілі каля 60 прадпрыемстваў канцэрна "Беллегпрам" і некаторыя прыватныя айчынныя фірмы (у іншым павільёне панавалі замежныя госці і прыватныя кампаніі).

...Рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства "Гроднатэкстыль" займаецца вытворчасцю коўдраў і паўшарсцяных пледаў (палутарных, двухспальных, дзіцячых). Шэрсць — авечая, мерыносавая (высакаякасная), вярблюджая з Сярэдняй Азіі. Утрыманне яе ў вырабах — ад 63 да 77 працэнтаў.

— Зараз да 20 відаў прадукцыі, якія выпускаюцца, распрацавалі навінку — гандлёвую марку "Прэміум" са 100-працэнтным утрыманнем шэрсці, — гаворыць вядучы спецыяліст службы маркетынгу прадпрыемства Ірына Кудрык. — Расія пачала замаўляць такую прадукцыю, але ж, зразумела, найперш цалкам будзе задаволены ўнутраны рынак. Шэрсць не так добра прафарбоўваецца, але ж гэта ўсё ж такі шэрсць — відавочна, пакупнікі некалькі здаволіліся вырабамі з іншым саставам. Навінка хутка паступіць у продаж.

Дарэчы, набыць прадукцыю прадпрыемства з Гродна ахвотныя змогуць прама на выставе. Пацікавіўся цэнамі: палутарная коўдра, абшытая стужкай, каштуе ў розніцу 128 тысяч рублёў. Для параўнання, аналагічны ўкраінскі выраб будзе каштаваць пакупніку звыш 200 тысяч.

Былі пытанні адносна кошту на прадукцыю і да намесніка начальніка аддзела маркетынгу сталічнага ААТ "Галантэя" Сяргея Андрэева. Прычым, не толькі ў нас: адна з наведвальніц сталага ўзросту шукала сабе сумку на колах "для бабулі — каб і ўмяшчальная была, і няшмат важыла, і нядорага каштавала". У вас, маўляў, такія — пад 100 тысяч.

— Але ж гэта менш, чым каштуе любы замежны аналаг, — парыраваў ёй прадстаўнік прадпрыемства. — Тым больш, калі гаварыць пра ўсю нашу прадукцыю, пры мадэляванні мы ўлічваем накірункі моды. У месяц у нас абнаўляецца каля 30 мадэляў, а на працягу года — каля 70 працэнтаў ад таго, што выпускаецца. Выкарыстоўваем і айчынныя, і італьянскія, і турэцкія тэхналогіі. Сумкі атрымліваюцца функцыянальнымі і зручнымі.

— Усё так, але ж цэны? — не здаваліся мы, асабліва дзявочая частка нашага творчага калектыву ў асобе фатографа Марыны.

— Адпускная цана ў нас не перавышае 250 тысяч рублёў, толькі зрэдку, калі выкарыстоўваецца складаная канструкцыя і дарагая скура, бывае крыху больш. Значыць, рознічны кошт на сумку павінен быць не больш за 300 тысяч. Напрыклад, па выніках мастацкага савета адпускная цана на вырабы не перавышае 200 тысяч значыць, у продажы такая сумка павінна каштаваць максімум 270 тысяч, — расказаў далей Сяргей Андрэеў.

У гэтым восеньскім сезоне няма нічога яркага. У модзе — усё прыглушанае. Пануе шэры і пастэльныя — з адценнем ружовага, сіняга — колеры. Зрэшты, простыя наведвальнікі выставы на стэндзе прадпрыемства змогуць толькі азнаёміцца з навінкамі, бо мэтай свайго ўдзелу ў форуме ААТ ставіць некалькі іншыя задачы. Акрамя заключэння новых кантрактаў з аптовымі пакупнікамі, прадпрыемства працягвае працу па павышэнні эфектыўнасці працы новай сістэмы заявак — электроннай. Яна прайшла ўкараненне з пачатку гэтага года (наватарам выступіла якраз "Галантэя"), і цяпер усе кліенты-грузаатрымальнікі працуюць на гэтых умовах.

— Пакупнік зараз пайшоў патрабавальны, таму, каб застацца ў гэтай нішы, мы кожны год на 100 працэнтаў абнаўляем асартымент, — расказвае нам ужо менеджар аддзела забеспячэння, збыту і маркетынгу ААТ "Швейная фірма "Юнона" г.Маладзечна" Людміла Драгун. — Увесну маці набыла дзіцяці касцюмчык, а ў наступным годзе яна яго ўжо не хоча купляць, хоча нешта новае. І гандаль адмаўляецца браць "састарэлыя" мадэлі.

Прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску бялізны для немаўлят, дзіцячай бялізны і верхняга адзення для дзяўчынак. Усяго разам выпускае каля 200 мадэляў.

— Наша навінка гэтага сезона — калекцыйнае, або ўзаемазамяняльнае, адзенне, якое мы ўжо пачалі вырабляць для ясельнай і дашкольнай групы дзетак, — паказвае навінку спецыяліст па продажы фірмы Таццяна Белан. — У калекцыі — да дзясятка прадметаў. Калі нейкі гатовы камплект пакупнік можа набываць цалкам адразу, дык тут бацькі могуць купляць адзенне — рэч за рэччу — пакрысе. Калі пра цэны, дык для ясельнай групы адпускная цана на джэмпер складае каля 19 тысяч рублёў, плашч для дзяўчынкі на уцепленай падкладцы — 40 тысяч, ўцепленыя ж штаны — 29 тысяч рублёў. Дарэчы, уцепленыя рэчы на флісавай падкладцы карыстаюцца добрым попытам: іх бяруць і для дзяўчынак, і для хлопчыкаў.

...Летам у абутковай краме мімаходзь звярнуў увагу на лёгкія і танныя сучасныя кеды і паўкеды. Верх — з натуральнага лёну, што для спёкі было (памятаеце?) самае тое. Кошт на абутак быў ад 20 да 35 тысяч рублёў. Падумалася, што нешта імпартнае завезлі. А высветлілася, што гэта адна з сёлетніх навінак ад ААТ "Лідская абутковая фабрыка". Хоць наконт імпарту, можна сказаць, мала памыліўся: гэтая прадукцыя была засвоеная як імпартазамяшчальная.

— Гэты абутак для актыўнага адпачынку для дзяцей і дарослых правільна называць "паўботы" тыпу "кеды" ці "паўкеды". Мы вырабілі спачатку пробную партыю, яна добра пайшла ў гандлі, — тлумачыць намеснік дырэктара па маркетынгу і продажы прадпрыемства Валянціна Врана.

Яшчэ адна навінка ад ААТ "Лідская абутковая фабрыка" — дзве мадэлі ботаў з натуральнай скуры для дзяўчынак. Праўда, толькі для наступнага года, бо на выставе яны выстаўленыя толькі для вывучэння попыту.

— Гэта таксама імпартазамяшчальная прадукцыя: на ўнутраным рынку не хапае менавіта такога асартыменту. Мяркуем, што, калі яны пойдуць у вытворчасць, іх кошт у рознічным гандлі складзе 130-150 тысяч рублёў, — дадае Валянціна Леанардаўна.

У выставах абутковая фабрыка з Ліды ўдзельнічае ўвесь час. І цяперашняя для прадпрыемства — асноўная для сустрэчы з прадстаўнікамі гандлю, заключэння дагавораў. Каб не адстаць ад часу, тут кожны год абнаўляюць выпуск прадукцыі ў сярэднім на 30 працэнтаў. На гэтай выставе, як заўважыла Валянціна Врана, інтарэс з боку фабрыкі наконт заключэння дагавораў ёсць да прадстаўнікоў з краін Балтыі, Расіі.

...Вялікі мадэльны рад прадукцыі прадстаўляе на выставе адно з буйнейшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці з Гомеля, што спецыялізуецца на вырабе касцюмаў для мужчын — ААТ "Камінтэрн". Пра ўсё, безумоўна, расказаць было немагчыма, таму мы адразу папрасілі мастака-мадэльера аддзела маркетынгу і гандлю прадпрыемства Ірыну Лабазнікаву спыніцца на моладзевым адзенні.

— Цяперашняя моладзевая мода — гэта вузкія сілуэты, шмат дэкаратыўных швоў і элементаў, — паказвае суразмоўца ўзоры з новых калекцый мужчынскага асартыменту будучага, 2011 года. У продажы іх можна будзе ўбачыць з пачатку студзеня. — Моладзевае адзенне, дарэчы, не можа каштаваць шмат, яно павінна быць даступным. У сярэднім кошт касцюма ў розніцы складае 240 тысяч рублёў.

Мы пабачылі фактычна тое, у чым хлопцы будуць святкаваць выпускныя, вяселлі, у чым проста будуць хадзіць на працу ў наступным годзе. Акрамя таго, паабяцала мастак-мадэльер, тыя калекцыі сёлетняга года, які прыйшліся даспадобы пакупніку і добра прадаваліся, таксама можна будзе ўбачыць у крамах і надалей...

Сяргей Расолька
Звязда 6 кастрычніка 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-408/4/2189
Текущая дата: 27.11.2024