Белорусский портал в Казахстане

Алімпіяда па брэндынгу пройдзе 25 красавіка ў БДУ



Фіналістам трэба будзе прайсці пяць этапаў: конкурсы відэапрэзентацый, капітанаў, індывідуальнае тэсціраванне па брэндынгу і публічную дыскусію па прапанаванай тэме.

У фінальным паядынку выступяць дзесяць студэнцкіх каманд з БДУ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Севастопальскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі. Усяго ў адборачных турах спаборнічалі 46 зборных.

Асноўным заданнем стане абарона аўтарскіх гіпатэтычных брэндаў. Журы ацэніць магчымасць рэалізацыі ідэі, арыгінальнасць і аргументаванасць прапанаванага рашэння, а таксама выставіць балы за якасць падрыхтаванай прэзентацыі. Студэнты будуць прэзентаваць брэнды кафэ, фестываляў адпачынку і турызму, мабільных капсул для сну, вытворчасці субліміраваных ягад і грыбоў і іншыя. Напрыклад, каманда Інстытута бізнесу БДУ прадставіць брэнд “Сістэмы дыстанцыйнага кіравання аўтамабілем праз дадатак на смартфоне”, а студэнты БДЭУ — вобраз піяр-агенцтва .

Для канкурсантаў будуць арганізаваныя майстар-класы па фарміраванні навыкаў і кампетэнцый, неабходных маркетолагу-практыку.

Па выніках алімпіяды плануецца выдаць зборнік найлепшых ідэй брэндаў.

Арганізатарам конкурсу выступае Інстытут бізнесу БДУ пры падтрымцы Міністэрства эканомікі Беларусі.

Надзея Нікалаева 2019
Звязда, 24 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-410/1/47718
Текущая дата: 29.03.2024