Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі 40% школ — беларускамоўныя



У Беларусі ў 40% школ навучанне праходзіць на беларускай мове. Пра гэта распавёў кіраўнік Мінадукацыі Андрэй Іванец, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на тэлеканал «Беларусь 1».

— Напэўна, хтосьці скажа, што гэта занадта вялікая лічба і нешта тут не так. Калі казаць пра колькасць дзяцей, якія вучацца ў гэтых 40% школ, то гэта каля 10 %. Таму што гэта пераважна сельскія школы, у якіх традыцыйна праходзяць навучанне на беларускай мове, — сказаў міністр.

Ён таксама падкрэсліў, што кожны бацька мае права выбраць адну з дзяржаўных моў, на якой яго дзіця будзе навучацца як ва ўстанове дашкольнай адукацыі — у дзіцячым садзе, так і ў школе.

Мінадукацыі дастаткова сур’ёзна вядзе статыстыку па здачы розных выпрабаванняў. Раней гэта было цэнтралізаванае тэсціраванне, цяпер да яго дадаўся цэнтралізаваны іспыт.

— Прыкладна кожны пяты выпускнік школы выбірае пры здачы экзамену па дзяржаўнай мове менавіта беларускую мову, — адзначыў Іванец, дадаўшы, што паказчык добры і ўсяляе аптымізм. — Але мы павінны надаваць асаблівую ўвагу вывучэнню нашай культуры і нашай мовы.

Звязда, 3 верасня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-410/1/70932
Текущая дата: 25.11.2024