Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, якім комплексна карэктуецца Кодэкс аб адукацыі



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У дакумент уключаны нормы, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці, якасці і даступнасці адукацыі, пашырэнне дзяржаўнай абароны навучэнцаў, маладых спецыялістаў і сацыяльна неабароненых катэгорый дзяцей і моладзі, а таксама на ўзмацненне адказнасці суб’ектаў адукацыйных адносін.

У прыватнасці, урад надзяляецца паўнамоцтвамі на пераразмеркаванне і перанакіраванне на работу маладых спецыялістаў, прадастаўленне ім дадатковых сацыяльных гарантый, а мясцовыя органы ўлады — на арганізацыю бясплатнай перавозкі навучэнцаў у межах населеных пунктаў да месцаў правядзення адукацыйных, спартыўных, культурных і іншых мерапрыемстваў.

Школам, размешчаным у пасёлках гарадскога тыпу і сельскіх населеных пунктах, даецца магчымасць ажыццяўляць падрыхтоўку вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў і самаходных машын.

Пералік дзяцей, якія маюць пераважнае права пры прыёме ў санаторныя школы-інтэрнаты, дапоўнены катэгорыяй «дзеці-інваліды» да 18 гадоў у мэтах іх сацыяльнай падтрымкі.

Права на атрыманне гранта на падрыхтоўку да паступлення ў беларускія ўстановы адукацыі дадзена іншаземцам.

У лік педагагічных работнікаў уключаны прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі ў мэтах павышэння іх статусу.

Замацавана патрабаванне да навучэнцаў школ прытрымлівацца дзелавога стылю ў адзенні.

Законам прадугледжаны таксама іншыя нормы, якія карэктуюць дзяржаўную палітыку ў сферы адукацыі з улікам тэндэнцый развіцця сучаснай адукацыйнай прасторы і практыкі прымянення дзейнага кодэкса.

Звязда, 10 снежня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-410/1/76169
Текущая дата: 22.12.2024