Белорусский портал в Казахстане

Рабочая група для ажыццяўлення комплекснага аналізу сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь створана ва ўрадзе па даручэнні кіраўніка дзяржавы



Узначаліў групу намеснік прэм`ер-міністра Анатоль Тозік, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Урад аб`явіў старт грамадскай дыскусіі аб развіцці адукацыі ў Беларусі

У склад рабочай групы ўвайшлі вучоныя, практыкі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання.

Арганізацыйнае пасяджэнне рабочай групы адбылося 9 верасня. Анатоль Тозік адзначыў, што нацыянальная сістэма адукацыі ў Беларусі развіваецца дынамічна, забяспечваюцца даступнасць і якасць адукацыі, расце яе аўтарытэт у грамадзян краіны. Разам з тым ёсць і рэзервы для яе паляпшэння і далейшага развіцця.

"Нам неабходна з удзелам грамадскасці, педагагічных калектываў, бацькоў правесці комплекснае і ўсебаковае вывучэнне ўсіх звёнаў адукацыйнай сістэмы, выявіць існуючыя праблемныя пытанні і вызначыць шляхі іх вырашэння", - заявіў віцэ-прэм`ер. Ён таксама падкрэсліў, што выпрацаваныя рабочай групай прапановы будуць улічаны пры дапрацоўцы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Гэта дасць магчымасць стварыць прававое поле для ўдасканалення сістэмы адукацыі на гэтым этапе і на перспектыву.

На думку намесніка прэм`ер-міністра, пільнай увагі патрабуюць пытанні эфектыўнага інтэлектуальнага і фізічнага развіцця навучэнцаў, працоўнага выхавання дзяцей, неабходнасці фарміравання прыкладнога, практыка-арыентаванага зместу адукацыі на ўсіх узроўнях падрыхтоўкі.

Анатоль Тозік у рамках работы групы таксама прапанаваў абмеркаваць пытанні эфектыўнасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў і павышэння прэстыжу іх працы, пераходу на нарматыўнае фінансаванне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, пераемнасці ў атрыманні адукацыі на розных узроўнях, развіцця прыватна-дзяржаўнага партнёрства і іншыя.

Прапановы па пытаннях развіцця і ўдасканалення адукацыі можна накіроўваць на спецыяльны паштовы адрас урада Рэспублікі Беларусь оbrazovanie@government.by і на Нацыянальны адукацыйны партал www.adu.by (раздзел "Інфалінія").

9 верасня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-410/10/27479
Текущая дата: 26.06.2024