Белорусский портал в Казахстане

Гарадскія ўлады зацікаўлены ў прыцягненні маладых ініцыятыўных людзей да дзяржслужбы



Аб гэтым заявіў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац на сустрэчы з перспектыўным рэзервам гарвыканкама.

"Мы праводзім пэўную работу з кадравым рэзервам Мінгарвыканкама, раённых адміністрацый, але пакуль у нас ёсць прабел у рабоце са студэнцкай моладдзю, тымі людзьмі, якія хацелі б заявіць аб сабе ў органах выканаўчай улады, але не ведаюць, як туды трапіць. Мы зацікаўлены, каб ва ўладу прыйшлі кампетэнтныя і ініцыятыўныя маладыя людзі. Тая моладзь, якая будзе шукаць магчымасці для вырашэння розных пытанняў, а не прычыны, каб апраўдаць бяздзейнасць", - сказаў Андрэй Шорац.

У час сустрэчы са студэнтамі з вядучых ВНУ сталіцы граданачальнік і спецыялісты гарвыканкама расказалі, што такое мясцовае самакіраванне, азнаёмілі са структурай апарату, прынцыпамі работы гарадскіх улад. Як падкрэсліў Андрэй Шорац, такія сустрэчы з моладдзю будуць праходзіць на пастаяннай аснове.

Цяпер у перспектыўны кадравы рэзерв на аснове прапаноў кіраўнікоў структурных падраздзяленняў Мінгарвыканкама, адміністрацый раёнаў, арганізацый камунальнай уласнасці і вышэйшых навучальных устаноў горада ўключана 136 маладых людзей ва ўзросце да 31 года. Усе яны маюць добрыя лідарскія, арганізатарскія і кіраўніцкія здольнасці.

Арганізацыя работы па прафесійным развіцці рэзервістаў грунтуецца на тэарэтычнай (самаадукацыя) і практычнай падрыхтоўцы (павышэнне кваліфікацыі і стажыроўка; часовае замяшчэнне кіраўніка або спецыяліста больш высокай катэгорыі; выкананне па месцы работы (вучобы) заданняў кіраўніцтва арганізацыйнага характару). Павышэнне кваліфікацыі маладых людзей праходзіць на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі і Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Акрамя таго, рэзервісты прымаюць удзел у арганізацыі і правядзенні грамадска-масавых мерапрыемстваў, дзейнасці БРСМ, прафсаюзаў, грамадскіх аб`яднанняў.

10 красавіка 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-410/10/30452
Текущая дата: 23.11.2024