Белорусский портал в Казахстане

Студэнты БДУ заваявалі чатыры сярэбраныя медалі на 19-й Міжнароднай матэматычнай студэнцкай алімпіядзе



Студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ заваявалі чатыры сярэбраныя медалі на 19-й Міжнароднай матэматычнай студэнцкай алімпіядзе, якая завяршылася 1 жніўня ў балгарскім Благоеўградзе.

Як паведаміла прэс-служба БДУ, прызёрамі сталі трэцякурснікі Аляксей Вайдзялевіч і Арцём Говараў, другакурснік Сяргей Фінскі і першакурснік Аляксандр Некрашэвіч.

Усяго ў алімпіядзе ўзялі ўдзел звыш 300 студэнтаў з 70 універсітэтаў Расіі, Украіны, Германіі, Францыі, Польшчы, Ірана і іншых краін.

Міжнародная алімпіяда па матэматыцы сярод студэнтаў універсітэтаў (IMC) праводзіцца з 1994 года. У ёй бяруць удзел сотні студэнтаў з многіх ВНУ свету. На працягу двух дзён трэба рашыць 12 задач (кожны дзень па шэсць задач за пяць гадзін), кожная з якіх ацэньваецца ў 20 балаў. Задачы ахопліваюць наступныя раздзелы: матэматычны аналіз, лінейная і абстрактная алгебра, функцыянальны аналіз, аналітычная геаметрыя, камбінаторыка, тэорыя лічбаў. Рабочая мова — англійская.

Студэнты Белдзяржуніверсітэта бяруць удзел у Міжнароднай матэматычнай студэнцкай алімпіядзе з 2001 года. За гэты перыяд на рахунку БДУ 36 залатых, 25 сярэбраных і пяць бронзавых медалёў.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 6 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-410/13/15671
Текущая дата: 26.11.2024