Белорусский портал в Казахстане

"Белавія" 27 і 28 лютага правядзе чарговы распродаж авіябілетаў па спецыяльных цэнах



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе авіякампаніі.

У перыяд акцыі будуць прапанаваныя білеты коштам 50 еўра туды-назад плюс таксы і зборы. Акцыя стартуе 27 лютага 2017 года ў 00.01 па мінскім часе і завершыцца ў 23.59 28 лютага, паведамляе "Белавія".

Паводле інфармацыі авіякампаніі, продаж акцыйных білетаў будзе ісці толькі на сайце "Белавія". Акцыя дзейнічае толькі на прамыя рэйсы перавозчыка і толькі на рэгулярныя маршруты. Пры гэтым падкрэсліваецца, што напрамкі ў/з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Тэль-Авіва, Бейрута ў ёй не ўдзельнічаюць.

Спецыяльныя цэны будуць даступныя пры куплі білетаў як з Мінска, так і ў Мінск толькі па маршруце туды-назад. Перыяд падарожжа — з 1 сакавіка па 30 красавіка (дата вяртання па другім купоне), максімальны тэрмін знаходжання ў пункце прызначэння — месяц.

Згодна з умовамі акцыі, змена часу і даты вылету забароненая. Выкарыстанне білета абавязковае ў адпаведнасці з чарговасцю маршруту пачынаючы з першага аэрапорта адпраўлення, пазначанага ў білеце. Пры невыкарыстанні білета на першым участку месцы анулююцца па ўсім маршруце, і пасажыр на другім участку не будзе прымацца да перавозкі, выплачаная сума, уключаючы таксы і зборы, яму не вяртаецца. Набытыя па акцыі білеты, у тым ліку пры камбінацыі акцыйнага тарыфу з іншым тарыфам, з`яўляюцца незваротнымі. У выпадку адмовы пасажыра ад палёту выплачаная сума, уключаючы таксы і зборы, не вяртаецца.

Колькасць месцаў па акцыі абмежаваная, падкрэслілі ў "Белавія".

Авіякампанія ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы па 49 маршрутах у 27 краін Еўропы і Азіі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 22 лютага 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/1/38754
Текущая дата: 28.03.2024