Белорусский портал в Казахстане

"Белавія" прапануе для транзітных пасажыраў новы сэрвіс — прыпынак у Мінску



C новага года транзітныя пасажыры кампаніі "Белавія" могуць скарыстацца пералётам з прыпынкам (стаповерам) у Мінску, паведаміла прэс-служба кампаніі.

Паслуга прызначаная для тых, хто, не плануючы асобную паездку ў Беларусь, змогуць наведаць Мінск. Гэтая опцыя дазваляе пасажырам, якія рухаюцца з перасадкай цераз нацыянальны аэрапорт Мінск, зрабіць прыпынак у сталіцы Беларусі на тэрмін ад 24 да 72 гадзін і не праводзіць час у зале чакання да наступнага вылету. Магчымасць дадаць Беларусь у маршрут падарожжа транзітныя пасажыры могуць бясплатна.

Стаповер даступны на адным з участкаў маршруту руху пры куплі квітка туды-назад. Ужо сёння аформіць авіябілет з транзітным прыпынкам у Мінску магчыма ў касах "Белавія", прадстаўніцтвах авіякампаніі за мяжой, а таксама ў агентаў. Зараз вядуцца работы па ўкараненні магчымасці набыцця гэтай паслугі на сайце belavia.by.

"Колькасць транзітных пасажыраў у авіякампаніі "Белавія" пастаянна расце і ўжо складае прыблізна 50%. Мы імкнемся ўдасканальваць паслугі ў адпаведнасці з пажаданнямі і патрэбам нашых кліентаў. Новая опцыя дазволіць пасажырам зрабіць сваё падарожжа больш насычаным і пазнаёміцца з нашай краінай, не павялічваючы пры гэтым выдаткі на авіяпералёт. Мы спадзяемся, што магчымасць наведаць дадатковую краіну падчас запланаванага пералёту будзе запатрабаваная транзітнымі пасажырамі, асабліва ўлічваючы факт бязвізавага ўезду ў Рэспубліку Беларусь для грамадзян многіх дзяржаў. Замежныя турысты змогуць разнастаіць сваё падарожжа знаёмствам з беларускай сталіцай і славутасцямі Беларусі", — сказаў генеральны дырэктар ААТ "Авіякампанія "Белавія" Анатоль Гусараў.
______________________________________________

"Белавія" — найбуйнейшы авіяперавозчык краіны. Размяшчаецца ў нацыянальным аэрапорце Мінск і ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 52 аэрапорты 28 краін Еўропы і Азіі. Створаная 5 сакавіка 1996 года. З 1997 года з`яўляецца сапраўдным членам Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA), з 2010-га — членам Асацыяцыі еўрапейскіх рэгіянальных авіякампаній (ERAA). Флот авіякампаніі налічвае 29 паветраных судоў (пяць Boeing 737-800, шэсць Boeing 737-500, сем Boeing 737-300, тры Embraer 175, чатыры Embraer 195, чатыры CRJ 100/200).

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 студзеня 2019 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/1/46445
Текущая дата: 29.03.2024