Белорусский портал в Казахстане

Акцыя "Увага - дзеці!" стартуе ў Беларусі 25 жніўня



Акцыя МУС "Увага - дзеці!" стартуе ў Беларусі 25 жніўня, у час яе правядзення кіроўцам неабходна будзе ездзіць днём з уключанымі фарамі. Аб гэтым паведамілі ва УДАІ МУС Беларусі.

Традыцыйна з 25 жніўня па 5 верасня МУС праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага - дзеці!".

Прафілактычная акцыя прызначана прыцягнуць усеагульную ўвагу да праблемы забеспячэння бяспекі дзяцей на дарозе, павысіць узровень адказнасці бацькоў і кіроўцаў.

"Міліцыя грамадскай бяспекі, педагогі і бацькі аб`яднаюць свае намаганні па гарантаванні бяспекі дзяцей. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў прымуць удзел ва ўрачыстых лінейках у пачатку навучальнага года, правядуць са школьнікамі класныя гадзіны. Асаблівая ўвага будзе сканцэнтравана на прафілактычнай рабоце з бацькамі. Міліцыянеры наведаюць працоўныя калектывы, растлумачаць дарослым прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, нагадаюць аб правілах бяспечнай перавозкі непаўналетніх, адказнасці за парушэнні ПДР, а таксама неабходнасці асабістага прыкладу правільных і бяспечных паводзін на дарозе", - расказалі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

Інспектары ДАІ ў гэтыя выхадныя дні правядуць рэйды па спыненні парушэнняў Правіл дарожнага руху. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца выкананню кіроўцамі скораснага рэжыму, правіл праезду пешаходных пераходаў і бяспечнай перавозкі дзяцей.

"Дзяржаўтаінспекцыя заклікае кіроўцаў быць максімальна ўважлівымі пры руху паблізу дзіцячых устаноў, праездзе нерэгулюемых пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту і асабліва ў дварах. У мэтах папярэджання траўматызму непаўналетніх у дні правядзення спецмерапрыемстваў МУС рух транспартных сродкаў у светлы час сутак павінен ажыццяўляцца з уключаным блізкім святлом фар", - адзначылі ў ДАІ.

23 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/1/49406
Текущая дата: 03.05.2024