Белорусский портал в Казахстане

"Белавія" плануе ў 2020 годзе папоўніць флот 11 самалётамі



Авіякампанія "Белавія" плануе ў 2020 годзе папоўніць флот 11 самалётамі, паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара па арганізацыі вытворчасці Глеб Пархамовіч.

"На сённяшні дзень у нас падпісаны ўжо кантракты (цяпер яны на стадыі выканання) на набыццё васьмі новых паветраных суднаў у 2020 годзе. Акрамя таго, паралельна абмяркоўваем магчымасць атрымаць да гэтых васьмі яшчэ тры самалёты. Думаю, гэта таксама адбудзецца ў наступным годзе",- сказаў Глеб Пархамовіч.

Ён удакладніў, што з плануемых да набыцця паветраных суднаў сем Boeing 737 MAX. "Мы вельмі разлічваем, што да пачатку сезона наступнага года гэтыя самалёты будуць у флоце "Белавія", - адзначыў намеснік гендырэктара.

"Зразумела, пад іх мы адкрываем новыя напрамкі. У першую чаргу гэта Вена, Актау і з вялікай доляй верагоднасці Пафас, - расказаў Глеб Пархамовіч. - Акрамя таго, будзем значна павялічваць частату на тых напрамках, куды мы ўжо лятаем".

Авіякампанія "Белавія" - буйнейшы авіяперавозчык Беларусі, базіруецца ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Парк паветраных суднаў цяпер налічвае 30 самалётаў. "Белавія" выконвае рэгулярныя рэйсы ў 55 аэрапортаў 29 краін Еўропы і Азіі.

24 снежня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/1/51036
Текущая дата: 07.05.2024