Беларуская чыгунка паляпшае ўмовы праезду ў зносінах Мінск-Брэст, паведамляецца на сайце БЧ.
«Для паляпшэння якасці абслугоўвання пасажыраў з 1 лютага ў зносінах Мінск-Брэст замест цягніка міжрэгіянальных ліній эканомкласа № 608/607 будзе курсіраваць цягнік міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа № 733/734, які абслугоўваецца новымі электрацягнікамі ЭПМ у пяцівагонным выкананні», — гаворыцца ў паведамленні БЧ.
Цягнік № 733 будзе адпраўляцца з Мінска ў 17.30 і прыбываць у Брэст у 21.06. У зваротным кірунку цягнік № 734 адправіцца з горада над Бугам у 6.34, каб даставіць пасажыраў у сталіцу ў 10.23. Дадзеныя цягнікі будуць у дарозе менш на 47 і 39 хвілін адпаведна.
Пяцівагонныя электрацягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа ЭПМ вытворчасці кампаніі ЗАТ «Штадлер Мінск» адпавядаюць сучасным патрабаванням бяспекі руху і камфорту для пасажыраў, маюць высокую плыўнасць ходу. У цягніку прадугледжана 262 месцы для сядзення 1 і 2 класа, месцы для праезду людзей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата. Пяцівагонныя электрацягнікі ЭПМ абсталяваны кандыцыянерамі з інтэграваным бактэрыцыдным модулем апрацоўкі паветра.
Продаж білетаў на новы цягнік міжрэгіянальных ліній бізнес-класа № 733/734 Мінск-Брэст ужо адкрыты. Актуальную інфармацыю аб графіку руху, кошту і правілах праезду можна атрымаць на сайце БЧ, з дапамогай афіцыйнага мабільнага прыкладання «БЧ. Мой цягнік » і па тэлефоне кантакт-цэнтра Беларускай чыгункі 105.
Звязда, 19 студзеня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/12/62908
Текущая дата: 23.11.2024