Белорусский портал в Казахстане

У Гомелі пасажыры самі абралі маршрут для новых электробусаў



Філіял «Аўтобусны парк № 6» ААТ «Гомельаблаўтатранс» выказаў падзяку ўсім гамяльчанам, хто прыняў удзел у апытанні па вызначэнні маршруту руху новых электробусаў.

Прагаласавала больш за дзвесце чалавек. Яны прапанавалі на выбар мноства маршрутаў, якімі карыстаюцца самі.

Таксама паступіла прапанова выкарыстоўваць электробусы для падвозу дзяцей да ўстаноў адукацыі. Вылучаліся і варыянты новых маршрутаў, а хтосьці жартам і зусім напісаў «пакіньце іх у парку, каб нікому не было крыўдна». Вынікі праведзенага апытання апублікаваны на старонцы аўтобуснага парка № 6 у сацыяльных сетках. Так, па выніках апытання па колькасці галасоў перамог 17-ы маршрут — гэта самы працяглы рэйс і самы запатрабаваны сярод пасажыраў горада. Электробусы выйдуць на маршрут ужо на бягучым тыдні.

Нагадаем, два электробусы новага пакалення з працяглым запасам ходу ў Гомелі «затэсцілі» на пачатку снежня. Тэхніка прыбыла ў абласны цэнтр сваім ходам, пераадолеўшы 325 кіламетраў. Машына мадэлі Е433 серыі Vitovt — адна з апошніх распрацовак кампаніі BKM Holding («Белкамунмаш»), адначасова перавозіць 190 пасажыраў.

Наталля Капрыленка
Звязда, 14 снежня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/13/62280
Текущая дата: 23.11.2024