Аб гэтым паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Хомчанка.
"У пунктах санітарна-каранціннага кантролю аэрапорта кругласутачна працуюць супрацоўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы і лабараторыі. Арганізавана два стацыянарныя пункты - для пасажыраў з СНД і грамадзян іншых краін. У час пік могуць быць дадаткова створаны адзін-два мабільныя пункты па ўзяцці біялагічнага матэрыялу. У дзень правяраем ад 150 да 230 чалавек у залежнасці ад пасажырапатоку", - сказала Кацярына Хомчанка.
Цяпер у аэрапорце ўзмоцнены санітарна-эпідэміялагічны кантроль. Арганізавана двайная цеплавізійная праверка прыбываючых людзей: спачатку на борце самалёта, затым у зоне аэравакзальнага комплексу. У распараджэнні супрацоўнікаў санітарна-каранціннага пункта ёсць бескантактавыя тэрмометры: імі карыстаюцца для больш дакладнага вызначэння тэмпературы чалавека, у якога цеплавізары зафіксавалі яе павышэнне.
Людзі, якія прыляцелі з Італіі, Ірана, Кітая і Паўднёвай Карэі, абавязкова запаўняюць анкеты. Яны пазначаюць, адкуль канкрэтна прыбылі, дзе да гэтага знаходзіліся, пакідаюць кантактныя даныя, а таксама сдаюць аналізы. Інфармацыя паступае супрацоўнікам каранціннага пункта. Яны апрацоўваюць даныя анкет і накіроўваюць пісьмы ў рэгіёны, у якіх адзначаюць неабходнасць медыцынскага нагляду за канкрэтным чалавекам. Кацярына Хомчанка звярнула ўвагу: у аэрапорце здаць аналізы можна толькі да атрымання багажу ў час праходжання мытнага кантролю.
Людзі, што прыехалі ў Беларусь з гэтых чатырох краін, якія не паспелі або не змаглі здаць аналізы ў аэрапорце, але адчуваюць сябе здаровымі, могуць зрабіць гэта пазней у гарадской клінічнай інфекцыйнай або дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцах. Калі чалавек захварэў, яму трэба праінфармаваць участковую паліклініку, выклікаць хуткую. Пры неабходнасці пацыента шпіталізуюць.
Пасля прылёту самалёта з Франкфурта-на-Майне ў каранцінным пункце шматлюдна: многія праяўляюць свядомасць і адразу правяраюцца. Адна з іх - магіляўчанка Ніна. "Я прыляцела з Вялікабрытаніі - краіны са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй. На мой погляд, кожны павінен праявіць свядомасць і здаць аналізы. Я сама выказала жаданне прайсці кантроль, таму што дбаю аб здароўі сваіх блізкіх і ўсяго асяроддзя. Тым больш што запаўненне анкеты і здача аналізаў займаюць усяго пару мінут", - сказала яна.
Гэтак жа зрабіла і мінчанка Любоў, якая вярнулася з Франкфурта-на-Майне. "Цяпер нам усім трэба быць максімальна адказнымі, - лічыць яна. - Калі можна, то сядзець дома, берагчы сябе і блізкіх. Агляд - гэта вельмі хутка і проста. Але нават калі было б складана, усё роўна гэта таго варта".
На тэрыторыі аэрапорта для мінімізацыі выпадкаў завозу інфекцыі рэгулярна праводзіцца прыбіранне з выкарыстаннем дэзынфіцыруючых сродкаў па віруліцыдным рэжыме. Асаблівая ўвага ўдзяляецца месцам найбольшага скопішча людзей - залам чакання і санвузлам.
Дадаткова на тэрыторыі аэрапорта ўстаноўлены санітайзеры, каб кожны пасажыр мог пасля прылёту або да вылету апрацаваць рукі.
У шматлюдных месцах можна знайсці рэцыркулятары - абеззаражвальныя ўстройствы для дэзынфекцыі паветра.
17 сакавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
У шматлюдных месцах можна знайсці рэцыркулятары - абеззаражвальныя ўстройствы для дэзынфекцыі паветра.
17 сакавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/27/52067
Текущая дата: 24.11.2024