Амаль гатовыя першая наземная станцыя мінскай падземкі, "Вакзальная" і станцыя "Кавальская Слабада" на скрыжаванні Жукоўскага і Варанянскага.
Чатыры станцыі трэцяй лініі сталічнага метрапалітэна плануюць адкрыць 3 ліпеня 2020-га, паведамляе агенцтва "Мінск-новости". Раней прадстаўнікі УП "Мінскметрабуд" казалі, што першыя цягнікі па новай лініі пусцяць ужо ў 2020 годзе, але не ўдакладнялі дату.
Першых пасажыраў праз год - 3 ліпеня 2020 года - прымуць станцыі "Вакзальная", "Кавальская Слабада" (на скрыжаванні Жукоўскага і Варанянскага), "Плошча Багушэвіча" і "Юбілейная плошча".
На "Вакзальнай" механізаваны комплекс "Алеся" яшчэ пракладае апошні тунэль першага пускавога комплексу. Скончыць гэтую працу метрабудаўцы плануюць у пачатку кастрычніка. Вестыбюль самой станцыі ўжо аформлены ў цёмна-зялёных адценнях. Ён будзе наземны і стане першай падобнай станцыяй мінскага метро. Мяркуецца, што аздабленне памяшканняў на гэтай станцыі завяршыцца да канца года.
"Да 2 студзеня 2020-га плануем пусціць пробны цягнік. Тое ж тычыцца і "Кавальскай Слабады", - распавёў намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы "Мінскметрабуда" Алег Бойчук.
"Кавальская Слабада" практычна гатовая. Яна ўжо амаль уся аздобленая гранітам і мармурам, работы ідуць у холе. Пачалося аздабленне і станцыі "Плошча Багушэвіча". Станцыя "Юбілейная плошча" будзе самай глыбокай. Тут жа будзе арганізаваны перасадачны пункт з 3-й на 2-ю лінію метро з пераходам на "Фрунзенскую".
"Пабудавалі ўзровень платформы, працягваюць будаваць асноўныя канструкцыі. У верасні 2019 года работу пачнуць аддзелачнікі", - распавёў прадстаўнік "Мінскметрабуда".
Працягваецца праца і над 2-й чаргой 3 лініі метро. Ужо пабудаваны тунэль ад "Кавальскай Слабады" да "Аэрадромнай". Ідуць падрыхтоўчыя працы, якія дазволяць пачаць пракладку ў бок будучай станцыі "Немаршанскі сад". Працягласць усёй Зеленалужскай лініі складзе 17,2 кіламетра.
Мінск, 10 чэрвеня 2019
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/31/48311
Текущая дата: 24.11.2024