Белорусский портал в Казахстане

"Дакар-2019": экіпаж Вязовіча палепшыў пазіцыі, нягледзячы на аварыю на фінішы другога этапу



Пасля праходжання другога этапу прэстыжнага ралі-рэйду "Дакар-2019" экіпаж пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча заняў 11-ы радок і 12-ы - у генеральнай класіфікацыі (адставанне ад лідара 44 мін 10 сек).

Пры гэтым фініш выдаўся няўдалым: за 200 м да фінішу спецучастка на вялікай скорасці грузавік трапіў у пясчаную пастку і перавярнуўся. Такая інфармацыя размешчана ў Facebook беларускай каманды "МАЗ-СПОРТаўта".

Чальцы экіпажа цэлыя, машына атрымала пашкоджанні. На дапамогу Сяргею Вязовічу прыйшлі таварышы па камандзе - экіпаж Аляксея Вішнеўскага. Паводле слоў Сяргея Вязовіча, гоншчыкі памяталі, што ў мінулым годзе на гэтым участку была кропка і прамы спуск уніз. "Узяўшы кропку, пачалі разгон да фінішу, спрабуючы выйсці на максімальную скорасць. Аказалася, за год вецер надзьмуў пясок і з`явілася новая "прыступка". У выніку мы паляцелі не прама, а перакульваючыся на правы бок. Потым машына падскочыла і стукнулася аб зямлю верхнім правым вуглом - шанцаў адруліць тут не было", - адзначыў ён і прызнаў, што з-за гэтай памылкі было страчана каля 30 мін.

Нягледзячы на гэта, экіпаж Вязовіча палепшыў свае пазіцыі ў параўнанні з першым этапам, які ён завяршыў 14-м з адставаннем ад лідара 10 мін 27 сек.

Перамог у другім этапе экіпаж КамАЗа пад кіраўніцтвам Эдуарда Нікалаева з рэзультатам 3 гадз 47 мін 51 сек. Грузавік Аляксея Вішнеўскага фінішаваў на 12-м месцы, а ў генеральнай класіфікацыі - на 11-й пазіцыі (адставанне ад лідара 41 мін 10 сек).

Па выніках першага этапу ён быў дзявятым. Экіпаж Аляксандра Васілеўскага перамясціўся з 17-га на 13-ы радок і заняў такі ж у генеральнай класіфікацыі. На другім этапе гоншчыкі адпраўляліся з Піска ў Сан Хуан дэ Маркона, агульная працягласць маршруту складала 554 км, даўжыня спецучастка 342 км.

Марафон "Дакар-2019" праходзіць на тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд зойме 11 дзён і завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкам давядзецца праехаць каля 5 тыс. км. Большая частка маршруту пралягае праз пясчаныя трасы з дзюнамі і іншымі перашкодамі.

9 студзеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/33/46457
Текущая дата: 28.11.2024