Белорусский портал в Казахстане

Мінскі метрапалітэн у 2018 годзе перавёз больш за 283 млн пасажыраў



У 2018 годзе паслугамі Мінскага метрапалітэна скарысталіся амаль 283,36 млн пасажыраў, паведаміла прэс-служба прадпрыемства.

У тым ліку на Маскоўскай лініі цягнікі перавезлі каля 163,4 млн чалавек, на Аўтазаводскай — амаль 120 млн.

Для параўнання, у 2017 годзе паслугамі Мінскага метрапалітэна скарысталіся 284,2 млн пасажыраў, у тым ліку Маскоўскай лініяй — 164 млн (57,7% агульнага пасажырапатоку), Аўтазаводскай — 120,2 млн (42,3%).

Найбольшы пасажырапаток назіраўся ў кастрычніку 2018 года, калі падземным транспартам скарысталіся каля 26,6 млн гараджан і гасцей сталіцы.

Самымі загружанымі станцыямі летась, як і ў папярэднія гады, сталі "Каменная Горка" (21,2 млн пасажыраў) і "Плошча Леніна" (амаль 20 млн). На трэцяй пазіцыі станцыя "Уручча" (амаль 17,28 млн). У параўнанні з 2017 годам яна апярэдзіла станцыю "Плошча Якуба Коласа" на 275 тыс. пасажыраў. На другой лініі наступнымі па загружанасці ідуць "Магілёўская" (14,2 млн) і "Няміга" (13,6 млн).

Найменш пасажыраў традыцыйна было на станцыях другой лініі "Купалаўская" і "Першамайская". На працягу года на іх увайшло адпаведна каля 1,93 млн і 3,22 млн чалавек. На Маскоўскай лініі найменш загружанымі лічацца "Грушаўка" (5,3 млн) і "Парк Чалюскінцаў" (5,25 млн пасажыраў за год). Прыкладна столькі ж чалавек пабывалі на "Маладзёжнай" на Аўтазаводскай лініі (5,2 млн).

Каля 35% пасажыраў выкарыстоўвалі летась жэтоны. Аплата праезду пры дапамозе бескантактавых банкаўскіх карт на турнікетах у 2018 годзе рабілася больш за 5,7 млн раз. Да чэрвеня мінулага года такая сістэма аплаты дзейнічала толькі на некалькіх станцыях падземкі, з 12 чэрвеня — на ўсіх.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 21 студзеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/33/46658
Текущая дата: 24.11.2024