Белорусский портал в Казахстане

Беларусь зацікаўлена ўдзельнічаць у транспартна-лагістычных праектах у Чарнаморскім рэгіёне



Аб гэтым паведаміў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч на бізнес-форуме "Рэспубліка Беларусь - краіны Арганізацыі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва", паведамілі ў БелГПП.

Форум у такім фармаце праводзіцца ўпершыню.

"Правядзенне форуму менавіта ў Беларусі не выпадкова. У нашай краіны няма выхаду да ўзбярэжжа Чорнага мора, але краіны - члены Арганізацыі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва з`яўляюцца нашымі найважнейшымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі, з якімі Беларусь імкнецца развіваць узаемадзеянне, рэалізоўваць сумесныя праекты", - падкрэсліў Уладзімір Улаховіч.

Гаворачы аб Чарнаморскім рэгіёне, Уладзімір Улаховіч адзначыў перспектыўнасць удзелу Беларусі ў рэалізацыі праектаў, у тым ліку па будаўніцтве магістральнай сеткі, у галіне лагістыкі.

"Партнёрства і развіццё гандлёва-эканамічных сувязей шмат у чым залежыць ад разумнай транспартнай палітыкі, правільнай арганізацыі паставак нашай прадукцыі і прадукцыі партнёраў. Рэалізацыя лагістычных праектаў у рамках міжнародных арганізацый - гэта магчымасць мінімізаваць транспартныя расходы, павялічыць тавараабарот паміж краінамі", - сказаў ён.

Патэнцыял Чорнага мора ў сувязі з гэтым велізарны, паколькі марскі шлях - самы рэнтабельны і выгадны для міжнароднай транспарціроўкі грузаў. Адзін з найбольш маштабных міжнародных лагістычных праектаў цяпер, у якім Беларусь можа адыграць важную ролю, - гэта праект стварэння новага Шаўковага шляху паміж Усходам і Захадам, ідэя рэалізацыі якога належыць кіраўніцтву Кітая. У сувязі з гэтым старшыня БелГПП падкрэсліў важнасць удзелу ў форуме прадстаўнічай кітайскай дэлегацыі.

 "Кітай - наш стратэгічны партнёр. Апошнім часам адносіны з гэтай краінай прыкметна актывізаваліся, рэалізуецца шэраг сумесных праектаў, найбольш значным з якіх з`яўляецца будаўніцтва і функцыянаванне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Кітайскі бізнес паспяхова выкарыстоўвае магчымасці і прапановы Беларусі, у тым ліку ў рамках праекта Шаўковага шляху", - адзначыў Уладзімір Улаховіч.

У цэлым у Беларусі ёсць паспяховы вопыт узаемадзеяння з усімі краінамі АЧЭС на дзяржаўным узроўні, шэраг міжнародных пагадненняў. Але поспех супрацоўніцтва шмат у чым залежыць ад таго, наколькі актыўна ўзаемадзейнічаюць дзелавыя колы.

Уладзімір Улаховіч выказаў упэўненасць, што кантактна-кааперацыйная біржа ў рамках форуму з удзелам 30 прадстаўнікоў дзелавых колаў з 8 замежных краін і 60 беларускіх бізнесменаў паслужыць асновай для новых дамоўленасцей і праектаў.

Генеральны сакратар Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва Асаф Гаджыеў падкрэсліў, што Чорнае мора - важны рэгіён, дзе праходзяць найбольш значныя транспартныя артэрыі.

"Рэгіён багаты на энергетычныя рэсурсы, з`яўляецца выгадным з пункту гледжання лагістыкі. Беларусі ж ёсць што прапанаваць партнёрам у сферы прамысловасці. У сувязі з гэтым супрацоўніцтва павінна развівацца, і перагаворы ў рамках форуму - гэта дадатковая магчымасць умацаваць гандлёва-эканамічныя кантакты, даць пачатак рэалізацыі новых ініцыятыў", - упэўнены ён.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі бізнес-форуму адбыліся двухбаковыя перагаворы паміж бізнесменамі Беларусі і краін АЧЭС.

Разгледжаны перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў сферах турызму, сельскай гаспадаркі і АПК, чыгуначнага транспарту, лагістыкі, энергетыкі.
_____________________________________________

Арганізацыя Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва створана для развіцця супрацоўніцтва ў басейне Чорнага мора. У склад арганізацыі ўваходзяць Азербайджан, Албанія, Арменія, Балгарыя, Грэцыя, Грузія, Малдова, Расія, Румынія, Сербія, Турцыя, Украіна. Беларусь мае статус наглядальніка ў АЧЭС з 2005 года.

29 мая 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/36/43568
Текущая дата: 24.11.2024