Белорусский портал в Казахстане

Вядучыя дзелавыя аб`яднанні Беларусі выказаліся супраць уладкавання воднага шляху Е40 з-за высокіх інвестыцыйных рызыкаў і экалагічных пагроз



Пра гэта паведаміла прэс-служба Беларускага саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН).

Шэсць бізнес-саюзаў Беларусі накіравалі ва ўрад і Адміністрацыю прэзідэнта сумесны ліст, у якім заклікалі адмовіцца ад рэалізацыі праекта па ўладкаванні воднага шляху Е40.

Пад зваротам падпісаліся кіраўнікі Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага, Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Беларускага саюза прадпрымальнікаў.

Па тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Украіны можа быць пракладзены водны шлях Е40, які злучае Балтыйскае мора з Чорным. Праект распрацаваны ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча — Беларусь — Украіна", якая фінансуецца Еўрасаюзам.  Ён закліканы актывізаваць гандаль паміж трыма суседнімі краінамі. Аднак эканамісты папярэджваюць аб сур`ёзных інвестыцыйных рызыках, звязаных з рэалізацыяй праекта, а эколагі — аб згубных наступствах для чалавека і навакольнага асяроддзя.

На думку бізнес-саюзаў, вялікая верагоднасць таго, што ўкладанні ў праект нельга будзе акупіць ні прама, ні ўскосна.

"З аднаго боку, яго рэалізацыя патрабуе значных капітальных выдаткаў. З іншага боку, даводзіцца канстатаваць, што ўнутраны водны транспарт па ключавых параметрах канкурэнтаздольнасці саступае аўтамабільнаму і чыгуначнаму ў хуткасці дастаўкі, магчымасці апераваць малымі аб`ёмамі грузаў, выкарыстанні гнуткіх схем лагістыкі, а таксама з-за сезонных абмежаванняў. Водны шлях падыходзіць для вельмі абмежаванай наменклатуры грузаў, у асноўным для насыпных, наліўных, праектных, і нецікавы большасці беларускіх кампаній-грузаадправіцеляў", — адзначаецца ў лісце.

Аўтары звароту выказалі трывогу з нагоды магчымых экалагічных наступстваў. Так, Е40 праходзіць па Прыпяці, адной з апошніх буйных рэк Еўропы, якія захаваліся ў натуральным стане. Уладкаванне воднага шляху запатрабуе значнага ўмяшання ў гідралогію ракі.

У звароце таксама гаворыцца, што адным з найбольш верагодных грузаў для перавозкі па водным шляху з`яўляюцца нафтапрадукты. Аб адпаведных планах заявілі і прыхільнікі праекта.

"Масавая дастаўка нафтапрадуктаў па беларускіх рэках паставіць велізарныя тэрыторыі пад пагрозу ўзнікнення буйных тэхнагенных катастроф. Падобныя планы — усвядомленае злачынства", — адзначаецца ў звароце.

Беларуская дзелавая грамадскасць лічыць, што праект воднага шляху Е40 "вядзецца без належнага эканамічнага аналізу, з сур`ёзнымі метадалагічнымі памылкамі і пад націскам палітычных рашэнняў". Беларусь заключае міжнародныя дамовы аб развіцці воднага шляху Е40, а ўрад дае распараджэнне шукаць фінансаванне сярод інстытуцыйных інвестараў.

"Распараджэнні высокапастаўленых чыноўнікаў аказаць падтрымку праекту і ўжо ўзятыя міжнародныя абавязацельствы выклікаюць у бізнес-саюзаў сумневы ў аб`ектыўнасці і бесстароннасці экалагічных і эканамічных экспертыз, якія могуць быць арганізаваныя дзяржаўнымі інстытутамі ў будучыні", - гаворыцца ў лісце кіраўніцтву краіны.

Аўтары ліста заклікалі ўрад і інстытуцыйных інвестараў адмовіцца ад ўладкавання Е40 і засяродзіцца на альтэрнатыўных праектах на транспарце і ў лагістыцы, у тым ліку на развіцці аўтамабільнага і чыгуначнага паведамлення, складской і мытнай лагістыкі, прыдарожнага сэрвісу і гандлю, воднага і экалагічнага турызму.

"Дзелавая супольнасць краіны выдатна ўсведамляе неабходнасць сфармаваць дадатковыя фактары эканамічнага росту і прыцягнуць інвестыцыі ў краіну. У той жа час мы заклікаем урад не шукаць простых рашэнняў складанай задачы за кошт рэалізацыі буйных і сумніўных праектаў", — адзначае ў каментары да звароту дырэктар і сустаршыня БСПН імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.

"Прырода беларускага Палесся сама па сабе мае высокую інвестыцыйную каштоўнасць, вышэйшую за кошт любых новых прадпрыемстваў. Адпаведна, да яе неабходна вельмі асцярожнае стаўленне. Калі захаваем першасную каштоўнасць прыроды, зможам зарабіць і на другаснай, у тым ліку за кошт развіцця турызму", — перакананы кіраўнік Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 10 красавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/37/43126
Текущая дата: 24.11.2024