Белорусский портал в Казахстане

Больш за 50 тыс. пасажыраў за месяц з пачатку запуску скарысталіся бясплатным Wi-Fi на вакзалах Беларускай чыгункі



Пра гэта паведаміла прэс-служба чыгункі.

З моманту запуску 27 ліпеня бясплатнага доступу ў інтэрнэт на вакзалах Беларускай чыгункі паслугай скарысталася больш за 50 тыс. чалавек.

Лідарам па колькасці падключэнняў да сеткі Wi-Fi стаў вакзал станцыі Мінск-Пасажырскі. Тут было зарэгістравана амаль 15 тыс. унікальных карыстальнікаў. На другім месцы вакзал станцыі Брэст-Цэнтральны: бясплатным Wi-Fi тут скарысталіся больш як 4.750 уладальнікаў мабільных прылад. Трэцяе месца ў вакзала станцыі Гомель — тут было зроблена больш чым 3.500 падключэнняў.

Замыкаюць пяцёрку чыгуначныя вакзалы Магілёва і Віцебска.

Нагадаем, па замове Беларускай чыгункі зоны Wi-Fi на ўсіх чыгуначных вакзалах краіны разгарнула кампанія "МТС". У залах чакання і холах, а таксама ў пакоях адпачынку ў Мінску і Брэсце працуе 103 пункты доступу.

Скарыстацца бясплатным Wi-Fi на беларускіх вакзалах можна пасля пацвярджэння асобы: карыстальнік уводзіць нумар свайго мабільнага тэлефона ў спецыяльнае поле, пасля гэтага атрымлівае СМС з паролем для ўваходу ў сетку. Аўтарызацыя дзейнічае 24 гадзіны.

Бясплатны Wi-Fi даступны наведвальнікам вакзалаў у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Жлобіне, Калінкавічах, Крычаве, Лідзе, Лунінцы, Маладзечне, Оршы, Асіповічах, Полацку і Пінску.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 26 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/40/40514
Текущая дата: 24.11.2024