Белорусский портал в Казахстане

У Мінскім метро за год у пасажыраў пры надглядзе знайшлі 145 адзінак зброі і 2,5 тыс. боепрыпасаў



Пра гэта паведаміла прэс-служба Мінскага метрапалітэна.

У 2016 годзе пасажыры Мінскага метрапалітэна спрабавалі правезці ў падземцы больш за 6,6 тыс. забароненых прадметаў, практычна ў тры разы больш, чым за 2015 год (2.228).

У выніку надгляду ў мінулым годзе выяўлена 145 адзінак рознай зброі, 2,5 тыс. боепрыпасаў, больш за трыста упаковак піратэхнікі, звыш ста нажоў, больш за 1 тыс. ёмістасцяў з вогненебяспечнымі вадкасцямі агульным аб`ёмам 2,2 тыс. літраў, больш за 500 газавых балонаў агульным аб`ёмам 1,5 тыс. літраў.

Штодня праз турнікеты сталічнай падземкі праходзяць каля 800 тысяч чалавек. Усяго ж за 2016 год паслугамі Мінскага метрапалітэна скарыстаўся 291 мільён пасажыраў, амаль на 15 мільёнаў менш, чым у 2015 годзе (305,3 млн).

Між тым удзельная вага метро сярод сталічнага камунальнага пасажырскага транспарту штогод павышаецца: у 2016 годзе яна склала 40,15% (у 2015 годзе — 39,3%, у 2014-м — 38,4%). У лістападзе гэты паказчык дасягнуў максімуму — 41,43%.

На працягу 2016 года па абедзвюх лініях метрапалітэна прайшло 416.103 цягнікі, у сярэднім за суткі — 1.137 цягнікоў.

Як і ў мінулыя гады, Маскоўская лінія перавезла крыху больш пасажыраў, чым Аўтазаводская — 168,5 мільёна, або 57,9% пасажырапатоку, і 122,5 мільёна, або 42,1%, адпаведна.

Лідары 2015 года па аб`ёме пасажырапатоку захавалі свае пазіцыі: станцыі "Плошча Леніна" (61 тысяча пасажыраў у суткі), "Каменная Горка" (59,6 тысячы), "Плошча Якуба Коласа" (50,1 тысячы), "Уручча" ( 47,7 тысячы), "Акадэмія навук" (40,4 тысячы). Тое ж самае тычыцца і самых малалюдных станцый — "Купалаўская" (5,9 тысячы) і "Першамайская" (8,5 тысячы).

Праз турнікеты самай маладой станцыі мінскага метро — "Малінаўка" — кожныя суткі праходзілі 34,6 тысячы пасажыраў.

За мінулы год скарысталіся метрапалітэнам каля 6 тыс. інвалідаў-калясачнікаў і пасажыраў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 18 студзеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-411/42/38476
Текущая дата: 24.12.2024